Мястэчка, якое было горадам

У кожнай мясцовасці ёсць людзi, якiя нечым выдзяляюцца сярод астатнiх, ёсць такiя i ў Адэльску. "Кожны чалавек павiнен любiць свой народ, шанаваць сваю мову, і працаваць для свайго краю", так пісаў Францішак Багушэвіч, па такiм законам жывуць і адэльчане.

Аграгарадок Адэльск - былое мястэчка на Гродзеншчыне, край ветракоў, жыхары якога спрадвеку займаліся млынарствам. А яшчэ тут захоўваецца ўнікальная тэхналогія ткацтва падвойных, двухасноўных дываноў, тэхналогiя вырабу адметных вялıкодных вербачак, якія рабiлiся толькі ў гэтым рэгіёне. Адэльчане пякуць хлеб па адмысловым рацэпце. Традыцыйная кухня аграгарадка (бігас, бабка і інш.) занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як, дарэчы, і творчасць майстра па вырабу драўляных музычных інструментаў Мар'яна Скрамблевіча.

I самае цікавае, Адэльск даў беларускаму касцёлу цэлую кагорту біскупаў: мясцовы ўраджэнец Эўстахій Катовіч у 1688-1704 гадах быў Смаленскім біскупам, ягоны брат Аляксандр Катовіч спачатку таксама займаў Смаленскую кафедру, а ў 1685-1686 гадах быў Віленскім біскупам, а Караль Панцяжынскі ў 1712 г. быў прызначаны беларускім суфраганам, у 1721-1724 гадах быў Смаленскім біскупам і ў 1724-1729 - Віленскім.

Наогул, мястэчка выклiкае замілаванне: каменны крыж на ўездзе, акуратныя падворкі, прыбраныя пасля зімы, драўляны касцёл, статуя святога Антонія, патрона Адэльску.

Нягледзячы на нягоды і ліхалеццi. Адэльск захаваў у сваёй душы чысціню і высокароднасць. Яго старыя вуліцы, помнікі даўніны, святы Антоній, гукi касцельнага аргана і дудак Мар'яна Скрамблевiча здольны вылечыць ад жыццёвай мітусні і прымусіць падумаць пра вечнае, успомніць, хто мы, адкуль і куды iдем.

У гэтым інфармацыйным рэсурсе знаходзяцца звесткі, што былі пачуты ў спантанных размовах з жыхарамi на мясцовых святах, цi тое, што было надрукавана ў СМІ, дзе суразмоўцы шчыра расказывалі тое, што ім запамяталася з дзяцінства i маладосці.

Многіх суразмоўцаў, удзельнікаў творчых калектываў мясцовага клуба ўжо няма ў жывых, але трэба памяца заўзды аб тым, што без мiнулага няма будучыні. Памяць, якая жыве ў Адэльску, гэта адна з маленькiх сцяжынак вялікага шляху да моцнай і квiтнеючай Беларусі. Трэба заўсёды вяртацца да каранёў, да сваіх вытокаў.

*Последнее обновление: 18/03/2024