Духоўная спадчына Квасоўкі


 

У апошні час маладое пакаленне ўсё часцей звяртаецца да духоўнай і культурнай спадчыны, шукае адказы на няпростыя пытанні навакольнай рэчаіснасці. Мінулыя пакаленні пакінулі нам багатую спадчыну, не згубіўшыя сваё значэнне традыцыі, духоўныя ўстоі  і культурныя помнікі, якія мы павінны беражна зберагаць. Многія культавыя пабудовы Беларусі зніклі па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах. На працягу многіх стагоддзяў Беларусь была арэнай бітваў, многа помнікаў культавага дойлідства былі знішчаны ў савецкі час, калі са свядомасці людзей выцесняліся рэлігійныя каштоўнасці. У Гродна была знішчана Фара Вітаўта, многія культавыя пабудовы былі ператвораны ў склады, клубы і інш. Нечаста сустрэнеш інфармацыю аб гісторыі культавых будынкаў, часах будаўніцтва гэтых жывых помнікаў гісторыі, трагічных старонак у гісторыі нашага краю. Але ў апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя пачаўся паварот у грамадскай свядомасці людзей, людзі зноў  звярнуліся да рэлігіі розных канфесій, пашырылася імкненне пазнаць асновы культуранай спадчыны, знайсці духоўныя вытокі.

Храм у гонар Святога Праведнага Іаана Кармянскага

Дата ўзвядзення: 2017г.
Адрас: 231705, Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, аг. Квасоўка, вул. В. і. Крамко, 22а. georgewroi@gmail.com
Тэлефон: +375 29 5875481

Гісторыя:

Пачатак будаўніцтва храма пакладзены ў 2009 годзе, калі 11 верасня пасля Божай Літургіі быў асвечаны паклонны крыж на месцы будучага храма.

З 2009г. па 2012г. збіраліся неабходныя дакументы, быў выраблены архітэктурны праект, збіраліся грашовыя сродкі.
У 2012г да дня Святой Вялікадня была пабудавана малая капліца, для таго каб вернікі маглі збірацца на сумесную малітву. Кожную нядзелю і ў святочныя дні тут здзяйснялася абедня.
8 лістапада 2012г прыступілі да закладкі падмуркаў.
Увесну 2013г пачалося ўзвядзенне сцен храма.
Будаўніцтва ваялося на ахвяраванні вернікаў, СВК ім. В.І. Крэмко. Пры храме дзейнічае нядзельная школа.
27 мая 2017 года архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій здзейсніў чын асвячэння новага храма ў гонар Святога Праведнага Іаана Кармянскага аг. Квасоўка Гродзенскага раёна.

Гісторыя Квасоўскай парафіі

Пасля хрышчэння Ягайлам Літвы ў 1387 годзе на беларускіх землях пачала дзейнічаць каталіцкая царква. Пасля Люблінскай уніі  ў 1569 годзе  пачалося актыўнае будаўніцтва касцёлаў і кляштароў.

Першы ўспамін аб Квасоўскай парафіі звязаны з датай 2 лютага 1626 года. У гэты дзень літоўскі маршалак Кшыштаф Весялоўскі выдаў дакумент, які дазваляў пачаць будаўніцтва ў Квасоўцы касцёла под назвай  “Непарочнага зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны”. У гэтым дакуменце вызначана, што пад будаўніцтва касцёла адводзіцца пляц пры Квасоўскім двары памерам 6 валок зямлі. Гэтая зямля служыла для ўтрымання пробашча, катэхэты і ўпраўляючага, якія тады працавалі пры касцёле.

Праз некалькі гадоў дзейнасці парафіі ў 1629 годзе па Вячыстаму праву ва ўладанне касцёлу было замацавана 7 валок і 5 васьмін зямлі.

Невядома, ці ў той час на касцёльных землях працавалі парафіяне, бо толькі інвянтарныя запісы з 1737 і 1740 гадоў падаюць звесткі, што пад юрысдыкцыяй парафіі знаходзілася 12 земляробаў са сваімі сем’ямі. У іх абавязкі ўваходзіла адзін раз у тыдзень праца на касцёльных землях.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя парафія ўжо не мела ніякіх падданых, і касцёл павінен быў карыстацца толькі працай наёмных рабочых.

Маёнтак парафіі павялічваўся за кошт ахвяр прыватных асоб. Так, напрыклад, у 1699 годзе ўладальнікі браты Ян, Станіслаў і Кшыштоф Віньскія, выконваючы апошні наказ свайго бацькі, вызначылі на патрэбы касцёла 15 злотых гадавога даходу з маёнтку Рудавіцы. За гэтую ахвяру ў “пагаранскім касцёле” 15 раз на год адпраўляліся імша за душу памерлага бацькі.

Ад 1705 года на тэрыторыі парафіі ў населеным пункце Свіслач існаваў кляштар францішканцаў, які быў фундацыяй Іаанны Алены Тарловай (з роду Агіньскіх). Кляштар меў і свой касцёл пад назвай св.Пятра і Паўла, які быў зруйнаваны пасля паражэння  паўстання ў 1830 – 1831  гадоў.

Ад 1784 года пры Квасоўскім касцёле існавала “Брацтва Ружанца”, якім кіравалі дамінікане. Аднак гэтае брацтва было ліквідавана ў 1867 годзе. Квасоўская парафія ўваходзіла ў склад дэканату Гродзенскага біскупства, ад 1925 года арцыбіскупства Віленскага.

Згодна са спісам з 1784 года ў склад парафіі ўваходзілі наступныя геаграфічныя аб’екты (вёскі, двары і шляхецкія  аколіцы): Баранава, Бракава, Хамікі, Хліставічы, Дзекалавічы, Дарошавічы, Дзерачынка, Гарны, Квасоўка, Кавалічы, Карозічы, Каўпакі, Кругляны, Кузьмічы, Лікоўка, Літвінкі, Лаша, Агароднікі, Амбрашчызна, Пагараны, Панямунь, Рудавіцы, Свіслач, Сухая Даліна, Славічы, Сцяцкі, Жукевічы, Жылічы (усяго каля 30 мясцовасцей).

У 1936 годзе была створана рымска-каталіцкая парафія ў вёсцы Капцёўка, бо там пачалася будова парафіяльнага касцёла, то частка парафіі перайшла ў межы Капцёўскай парафіі.

Не знойдзена ранейшых звестак аб колькасці нехрысціянскага насельніцтва парафіі. Толькі звесткі з 1783 года інфармуюць, што тут было каля 80 яўрэяў, якія “не мелі сваіх святынь і набажэнствы адпраўлялі прыватна ў сваіх дамах ці свірнах”.

У XVII, XVIII, і пачатку XIX вякоў на тэрыторыі парафіі ў асноўным ствараліся мешаныя сямейныя пары, таму што ўсіх уніятаў перавялі на праваслаўную веру. У гэты  час каталіцкі касцёл быу абмежаваны ў сваёй дзейнасці згодна з царскім указам. Мешаныя сем’і павінны былі хрысціць сваіх дзяцей толькі ў царкве.

У 1795 годзе Квасоўка ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Рускі царызм праводзіў палітыку абмежавання каталіцкага касцёла. Не дазваляляся будаваць новыя касцёлы, скланяць у каталіцкую веру праваслаўных. У праваслаўную веру былі пераведзены ўніяты. Змешаныя сем’і павінны былі хрысціць дзяцей толькі ў царкве. Таму істотнага росту вернікаў у гэты час не назіралася. Забарона каталіцтва з боку царскага ўрада адбілася і на Квасоўскай парафіі.

З 1868 года ў касцёльным архіве захавалася справа Пагаранскага землеўладальніка Паўла Рагоўскага, які абараняў сваё права на каталіцкую веру. Пасля доўгіх пошукаў дазволу ў мясцовай улады ён зразумеў, што можа яму дапамагчы толькі сам цар. І ён пяшком накіроўваецца ў Пецярбург да цара Аляксандра ІІ за дазволам быць католікам. Вандроўка закончылася поспехам. Вярнуўся Павел Рагоўскі з царскім дазволам вызнаваць каталіцкую веру.

Квасоўскі касцёл наведвала Эліза Ажэшка. Тут малілася Цэліна Бажэнцкая, манахіня, заснавальніца разам з дачкой Ядвігай кангрэгацыі Сёстраў Уваскрашэння у Рыме.

Пераходы з праваслаўя ў каталіцтва, выкліканыя рознымі абставінамі (заключэннем змешаных шлюбаў, ціскам сваякоў, прапагандай каталіцкага духавенства і інш.). Шмат дзе прыводзілі да унутрысямейных канфліктаў. Так, у 1908 годзе ў канцылярыю гродзенскага губернатара паступіла скарга ад жыхара в.Баранава Гродзенскага павета Платона Баршчэўскага на яго старэйшага брата Барыса. «Перайшоўшы ў каталіцтва, - гаварылася ў заяве, - Барыс пачынае ўгаворваць нашу 70-гадовую маці перамяніць сваю веру. Тая доўга не згаджаецца, і толькі пасля пагроз, што яна памрэ без прыняцця святых таямніц, што пасля смерці на яе магіле не будзе ніякага помніка, маці наша прад Вялікім Постам 1907 года адпраўляецца ў Квасовский касцёл да споведзі. Амаль адначасова з маці, па патрабаванні Барыса, пераходзіць у каталіцтва і малодшы брат Ціхан.  З гэтага часу пачаліся для мяне, праваслаўнага, няшчасныя дні. Старэйшы брат мой прыследуе мяне на кожным кроку. Так, нягледзячы на ​​мае просьбы і маленні, ён спальваў ўсе мае праваслаўныя абразы і нават крыж, дасланы з Ерусаліма, а цяпер гоніць мяне з дому разам з жонкай і двума маленькімі дзецьмі »

Буйны росквіт атрымала парафія на працягу міжваеннага
дваццацігоддзя. У 1930 годзе тут існавала Таварыства каталіцкіх мужчын і жанчын, таварыства цвярозасці,  таварыства каталіцкай моладзі, круц’ята дзіцячая. Існаваў хор, аркестр.

Да сённяшняга дня захаваліся ў касцёле харунгві гэтых арганізацый. Пры касцёле існаваў хор, аркестр, якімі кіраваў арганіст. У 1937 годзе было створана таварыства цвярозасці. Парафіяльным ксяндзом у гэты час быў Уладзіслаў Мураўск.

У 1939 годзе жыхары Квасоўкі сталі савецкімі грамадзянамі, але карэнныя змяненні ў іх рэлігійным жыцці адбыліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Дзяржаўнай ідэалогіяй стала палітыка ваяўнічага атэізму, калі рэпрэсіям падвяргаліся святары ўсіх канфесій, знішчаліся рэлігійныя абшчыны, святыні, вера ў Бога забаранялася.

Па дадзеным гродзенскага гісторыка Ярмусіка ў Гродзенскай вобласці з 1945 па 1965 г. перасталі дзейнічаць і былі закрыты 225 будынкаў усіх культаў, з іх 54 былі знесены. Але знаходзіліся людзі, якія свята бераглі і захоўвалі веру, клапаціліся пра касцёлы , цэрквы і могілкі.

У 1944 годзе савецкая ўлада ліквідавала структуру мясцовай касцёльнай улады, афіцыяльна архідыяцэзія Віленская не існавала. Аднак усё кіраванне вялося падпольна праз  адміністрацыю апостальскую ў Беластоку. Касцёл  у Квасоўцы таксама працягваў функцыяніраваць пад кіраўніцтвам ксяндза Яна Жыткевіча, які быў вельмі паважаны і шанаваны парафіянамі.Яго смерць 22 кастрычніка 1961 года сабрала вельмі многа веруючых людзей. Пахаванне ксянзда Яна Жыткевіча  было маўклівым мітынгам супраць атэізму, які пачынаў пашырацца ва  ўсіх  структурах савецкай улады. З гэтага часу  ў касцёле  не было  ксяндза,  але люд верны не дазволіў закрыцця  касцёла. Кожную нядзелю вернікі збіраліся  ў касцёле  на малітву на Ружанцу,якія былі часткай святой імшы.

Такім чынам, Квасоўскі касцёл абаранілі вернікі і ён не быў ператвораны ў склад ці майстэрню, як гэта было ў суседняй Капцёўцы. Так працягвалася да часоў перабудовы.

У час перабудовы адбылося адраджэнне хрысціянскай царквы на Беларусі. Быў прыняты закон аб свабодзе веравызнання.

 

Малюнак Вітольда Карпызы.

Першае набажэнства было адпраўлена ў 1987 годзе ксяндзом Люцыянам Радомскім, прабошчам парафіі з Лунна. Так як у Гродзенскім дэканаце адчуваўся недахоп ксяндзоў, то ў Квасоўцы набажэнствы адпраўляліся ксяндзамі, якія прыязджалі з іншых парафій (Люцыян Радомскі з Лунна, ксёндз Казімір Жыліс з Індуры (прылажэнне 3).

Ксёндз Казімір Жыліс.

Ад 10 лістапада 1994 года прабошчам быў прызначаны ксёндз Лешак Дамагала з    парафіі Капцёўка, які прыехаў у Беларусь з Польшчы, каб адбудаваць касцёл, калісьці узведзены яго дзедам.

Ксёндз Лешак Дамагала.

Са жніўня 2000 па чэрвень 2015 пробашчам парафіі быў ксёндз Ян Занеўскі, які жыў пры касцёле на плебаніі, якую парафіяне пабудавалі за свае сродкі ў 1990 годзе.

 

Ксёндз   Ян  Занеўскі.

 

За час дзейнасці ксяндза Яна вельмі змянілася прыкасцельная тэрыторыя. Старыя дрэвы спілаваны, а на іх месцы растуць маладыя елачкі, перад якімі размясціліся замыславатыя клумбы з кветкамі, што цвітуць ад ранняй вясны да позняй восені. З’явіўся яшчэ адзін будынак, у якім знаходзіцца зала для правядзення заняткаў па рэлігіі для дзяцей. Фігура Маці Божай, зробленая Станіславам Быком, зараз знаходзіцца ў прыгожай ратондзе.

 

Скульптура Дзевы Марыі, работа мясцовага майстра С. П. Быка.

 

Сам касцёл быў атынкаваны і пафарбаваны, заменены вокны, зроблены каменны падмурак, створаны хор, дзіцячыя вакальныя  групы “Май”, “Солі Дэо”, сайт і парафіяльная газета.  Дзякуючы яму прыходы ў Свіслачы і Квасоўцы маюць рэліквіі блажэннай Цэліны Бажэнцкай.“Сумленна здзяйсняя таямніцы, ксёндз   Ян нёс людзям выратавальную благадаць. А служачы ім у любові, будаваў парафіяльную абшчыну. Будаваў з такой моцнасцю, што квасоўская парафія стала вядома ўсёй краіне”,- адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч, глава беларускіх католікаў, які не раз служыў імшу у Квасоўскім храме.

З 2015 год па сённяшні час пробашчам Квасоўскай парафіі з’яўляецца ксёндз Тадэвуш Крыштопік.

Ксёндз Тадэвуш Крыштопік.

 

Службы ў касцёле праходзяць на польскай і беларускай мовах. Праводзіцца катэхізацыя, дзеці пазнаюць Бога, вучацца паважаць бліжніх. Людзі па-ранейшаму шануюць і ўсхваляюць Бога, цягнуцца да гiсторыi.

Час Святар
1887 – 15. 07. 1907 Адольф Тамкевіч
1907 - 1910 Ян Бурда
1910 – 1914 і

з 1916 - 1917

Юзэф Беляўскі
1917 – 20. 10. 1934 Уладзіслаў Мураўскі
1934 - 1937 Каспер Валадкевіч
1937 – 22. 10. 1961 Ян Жыткевіч
3 студзеня 1989 Люцыян Радомскі
1989  -  1991 Казімір Жыліс
1991 г. па 1994 Люцыян Радомскі
10. 11. 1994 г. –

03. 09. 2000

Лешак Дамагала
03. 09. 2000 - 6.06 2015 Ян Занеўскі
2015 – па сённяшні дзень Тадэвуш Крыштопік

 

ІІ. Гісторыя касцельных будынкаў

Пад час існавання Квасоўскай парафіі тут тройчы змяніліся будынкі касцёлаў парафіяльных. Першы будынак касцёла быў пабудаваны, напэўна, адразу пасля абвяшчэння парафіі ў 1626 годзе за кошт каралеўскага скарбу. Касцёл знаходзіўся на плошчы, праз якую бегла дарога, якая злучала Гродна з Квасоўскім дваром і далей з мястэчкам Лунна. Ад плошчы і касцёла, як ад цэнтра, у розныя бакі беглі вясковыя вулачкі. Першы будынак касцёла быў драўляны, меў шэсць вокнаў, а над яго цэнтральнай часткай узвышалася вежачка, якую завяршаў жалезны крыж. Унутры касцёл меў тры двухузроўневыя алтара, кожны быў выразаны з дрэва, пафарбаваны і пазалочаны. На першым узроўні галоўнага алтара знаходзіўся абраз “Wniebowziecia NMP”, а на версе было аблічча Маці Божай. На бакавых алтарах знадзіліся абразы св. Тарэсы, св. Роха, св. Антонія Падуанскага і св. Юзэфа. Прысутнасць абраза св. Роха тлумачыца як абароннасць перад заразнымі хваробамі, якія былі тады частай з’явай. У касцёле былі устаноўлены і арганы на 5 галасоў.

Будынак касцёла быў акружаны парафіяльнымі могілкамі, на якіх да канца ХІХ стагоддзя хавалі памерлых. Пазней могілкі былі перанесены па-за вёску, з пункту гледжання санітарных норм. Драўляная плебанія і іншыя парафіяльныя будынкі знаходзіліся па-за агароджай могілак. Сярод будынкаў тут знаходзілася стайня, адрына і некалькі хлявоў. На пачатку 17 стагоддзя тут жа знаходзіўся будынак шпіталя. Аднак ў 1-й палове 18 стагоддзя амаль усе парафіяльныя будынкі, як і сам касцёл, сталі старымі і патрабавалі рамонту.

У 1747 годзе, дзякуючы намаганням пробашча ксяндза  Пятра Рэзона, за кошт сродкаў караля Аўгуста ІІІ, на месцы старога касцёла быў пабудаваны новы. Ён таксама быў драўляны з 10 вокнамі і вежай, закончанай крыжам. Дах быў зробленвы з гонты,а подлога вылажана кафлямі з цэглы. Касцёл меў 4 алтара. Галоўны алтар – “старасвецкі” – быў перанесены са старога будынку. На першым узроўні, як і раней, знаходзіўся абраз “Wniebowzie NMP”, а над ім – вобраз патронкі парафіі “Марыі Божай Непарочнага зачацця”. З перапісу ў 1845 і 1849 гадах вядома, што святыня была ў плачэўным стане. Так праіснавала яна да пачатку 70-х гадоў ХХ стагоддзя.

Аб крытычным стане Квасоўскай фары ў адным са службовых лістоў адзначалася, што “Квасовский приходской костёл вовсе расстроен и угрожает упадением, кроме сего положение своё имеет в казённой деревне, а поэтому нет кому построить нового».  У 1854 годзе парафіяне пачалі дабівацца дазволу на будову новай мураванай святыні, які атрымалі ў 1856 годзе ў апошнія дні снежня. Пасля атрымання плану будовы і яе коштаў пачаліся работы, якімі кіраваў ксёндз Стэфан Урбаноўскі. Нягледзячы на цяжкасці, будова даволі хутка  прасоўвалася наперад. Аднак летам 1864 года яна была спынена генерал-губернатарам літоўскай губерні Міхаілам Мураўёвым (празваным “вешацялем”). У 1865 годзе пробашчам становіцца ксёндз Антон Эйсмант, які не падабаўся ўладзе і знаходзіўся пад наглядам паліцыі, бо быў “… замеченный неоднократно в отправление месс по римско-католическому обряду лицам православного вероисповедания и в других несоответствующих сану поступках».

Ад сакавіка 1866 года зноў вернікі пачалі прасіць дазволу на прадаўжэнне будовы святыні. Аднак упраўляючыя губерніі аднесліся да гэтага не вельмі добразычліва. Яны прапанавалі існуючы касцёл закрыць, а вернікаў далучыць да парафіі Індура. Толькі праз 4 гады намаганняў, у сакавіку 1870 года парафіяне атрымалі дазвол на заканчэнне будовы касцёла пры ўмове, што пасля гэтага будзе разбураны стары касцёл. Сродкі на будову касцёла збіралі самі парафіяне, аб чым сведчаць запісы ў касцельнай кнізе. Восенню 1871 года будова касцёла была закончана. 18 лістапада (30 лістапада па новаму стылю) 1871 г. ксёндз Антон Эйсмант пасвяціў Квасоўскую фару і ўрачыстай імшой пачаў новы этап падзей у парафіі. Новы касцёл, які стаіць па сённяшні дзень, пабудаваны ў стылі новагатычным. Двухсхільны дах, плыўна пераходзячы ад алтарнай часткі ў вальмовые, пакрывае прастакутны аб'ём касцёла. Пяцігранная апсіда з сакрысціямі прымыкае да асноўнага аб'ёму. Дэкараваная ў першым ярусе арачнымі нішамі, на галоўным фасадзе выступае чатырохгранная вежа-званіца. Касцёл складаецца с трох наваў у форме залы. Сярэдняя нава аддзелена ад бакавых філярамі, па пяць з кожнага боку. Філяры злучаны паміж сабой паўкруглымі аркамі, якія ўпрыгожаны фігурнымі ўзорамі.  З левага боку, на сярэднім філяры знаходзіцца амбона. Над уваходам у касцёл размешчаны хор і арганы на дзесяць галасоў.

Ад усходу па восі касцёла знаходзіцца чатырохбаковая вежа ў трох узроўнях.

Вежа касцёла.

 

Верхняя частка вежы, якая ўзвышаецца над касцёлам, мае тры акна гатычнай формы. Але такі выгляд яна мела не заўсёды. Першапачаткова, яе формы былі больш закругленымі. У ліпені 1944 года будынак касцёла, як і сама вежа вельмі пацяпелі ў час абстрэлаў, бо з вежы страляў снайпер – то савецкі, то нямецкі. З таго часу вежа мяняла свой выгляд двойчы. На сённяшні дзень вежа заканчваецца жалезным крыжам, які мае вышыню каля 10  метраў.

Агульны від касцёла.

Скульптуры Святога Казіміра і святога Максімілтяна Кольбэ, работы мясцовага майстра С. П. Быка

 

Будынак касцёла мае 10 прамавугольных вокнаў, якія закончаны вострым разгалінаваным лукам. Фасад упрыгожаны дзвюма нішамі ў форме вакон, у якіх калісьці знаходзіліся драўляныя фігуры з XVIII стагоддзя Св. Станіслава. У савецкія часы гэтыя фігуры былі забраны ў музей атэізму і рэлігіі ў Гродна. У 1996 годзе ў пустыя нішы былі пастаўлены фігуры, зробленыя мясцовым  умельцам Станіславам Быком – Святога Казіміра і  Святога Максімільяна Кольбэ – патрона Гродзенскай дыяцэзіі.

Першапачаткова касцёл быў накрыты гонтай, якую пазней замянілі на цынкавую бляху, а  ў 2006 годзе яе замянілі на чырвоную    металачарапіцу.

Касцёл у наш час. Агульны від.

У касцёле ёсць тры драўляныя алтары, пафарбаваныя ў шэра-зялёны колер. Галоўны алтар у  трох  узроўнях. Яго ўпрыгожваюць чатыры калоны і  дзве фігуры анёлаў з кожнага боку. Тут жа знаходзяцца абразы “ Matki Bozej niepokalanej” і “Pszemienieni Panskiego”. На верхнім узроўні – крыж, а пад ім  - вока – сімвал божай апекі. Алтар левай навы ў двух узроўнях упрагожваюць абразы Святога  Антонія і Святога Юзэфа. Тут жа знаходзіцца і драўляная фігура Святога Антонія. Алтар з правага боку ўпрыгожаны другім абразом, які адлюстроўвае Пшэменене Пана і абраз Маці Божай Ружанцовай. Таксама размясцілася тут фігура патронкі касцёла Маці Божай Непарочнага Зачацця. З абодвух бакоў святыні пры сярэдніх філярах ёсць фігуры Святой Тарэсы і сэрца Іісуса   .

Скульптура Іісуса Хрыста, работа мясцовага майстра С.П.Быка..

 

З правага боку на сцяне засталася ўмураваная памятная табліца, прысвечаная Людвіку Рашкоўскаму з Рудавіц, які памёр у 1864 годзе і Пелагеі Рашкоўскай з роду Яскулдаў, якая памерла ў 1898 годзе, а пахавана ў Вільні. На левай сцяне размесціліся тры табліцы, прысвечаныя памяці пробашчам Квасоўскай парафіі, ахвяраваныя самімі вернікамі. Першая прысвечана памяці кс. Адольфа Тамкевіча (прабошч у 1887 – 1907 гг); другая –  кс. Уладзтславу Мураўскаму (прабошч у 1915 – 1934 гг),а трэцяя – памяці кс.Яна Жыткевіча, які працаваў у 1937 – 1961 гг. Тэрыторыя вакол касцёла абмежавана мурам, які за кошт вернікаў быў адноўлены ў 2005-2006 годзе.

У 70-я гады ХХ стагоддзя парафіяне вырубілі старыя дрэвы і ачысцілі тэрыторыю вакол касцёла, так як яна доўга была занядбана. У выніку гэтага зніклі сляды многіх магіл, якія тут знаходзіліся. Да сённяшняга дня захавалася іх толькі некалькі. Адна з іх – гэта магіла ксяндза Уладзіслава Мураўскага, які памер 20 кастрычніка 1934 года і  ён астатні, каго пахавалі каля касцёла.

Касцёл у наш час. Агульны від.

 

Каля ўсходняй сцяны мура знаходзіцца мураваная званніца. Ужо ў 1884 годзе тут было  4 званы.  У цяперашні час працуе тры з іх: найбольш-Святога  Антонія – быў выплаўлены  з старога разбітага звана ў 1937 годзе, меншы захаваўся з 1802 года. За касцельным мурам знаходзілася драўляная плебанія, пабудаваная з матырыялу былога касцёла у 1877 годзе ксяндзом Антонам Эйсмантам. У савецкія часы, пасля смерці апошняга пробашча  кс.Яна Жыткевіча, гэта плебанія разам з захаваўшыміся гаспадарчымі пабудовамі перайшла ва ўладанне мясцовай медыцынскай службы. На сённяшні дзень там знаходзяцца жылыя памяшканні для працоўнікаў калгаса імя В .І .Крэмко.

Плебанія.

Матэрыялы прадастаўлены кіраўніком школьнага музея, настаўнікам гісторыі Галіцкай Ірынай Іванаўна.