Пяшко Іван Рыгоравіч

(4.12.1941, в. Лішчыцы Гродзенскага р-на), беларускі пісьменнік (празаік, публіцыст), журналіст. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (1998). З сялянскай сям’і. Скочыў СШ у Скідзелі (Гродзенскі р-н). Вучыўся у тэхнічнай вучэльні №7 г. Гродна (1958-59). Працаваў электрыкам УНР-112 у Гродне (1959-60). Служыў у войску (1960-63). Вучыўся на гістфаку Гродзенскага педінстытута (1963-67). Затым быў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы ў Каменскай СШ Шчучынскага р-на (1967-68), дырэктарам Грамавіцкай 7-годкі Шчучынскага р-на (1968-73). У 1974-75 вучыўся на сцэнарным аддзяленні Вышэйшых курсаў сцэнарыстаў і рэжысёраў (Масква). Нядоўга настаўнічаў у Жалудку Шчучынскага р-на (1976). Быў лектарам Шчучынскага райкама КПБ (1976-77), сакратаром парткома саўгаса “Пратасаўшчына” Шчучынскага р-на (1977-83). Затым – на журналісцкай працы. У 1983-84 – загадчык сельгасаддзела ў Шчучынскай райгазеце “Савецкая вёска”, з 1984 – намеснік рэдактара “Савецкай вёскі” (“Дзянніцы”). Друкаваўся як празаік ў газеце “Савецкая вёска” з 1967, у рэспубліканскіх выданнях – з 1970. Выпусціў зборнікі празаічных твораў “Чырвоная клубніка” (1977), “Марго з Казарэзаў” (1992), аповесць “Сцэнарый сямідзесятых” (1997).

Бібліяграфія

  1. Уладзiмiрава, А. Новых тэм і сюжэтаў ; Ала Уладзiмiрава ; фота Уладзіміра Сяргеева // Дзяннiца (Шчучынскi раён). - 2011. - 10 снеж.. - С. 3.
  2. Самойла, Г. Стрымана-смела аб набалелым / Галіна Самойла ; фота // Перспектива (Гродненский район). - 2007. - 18 дек. - C.6
  3. Уладзiмiрава, А. За "Валунамі" - поле жыцця / Ала Уладзiмiрава ; фота // Дзяннiца (Шчучынскi раён). - 2011. - 3 снеж.. - С. 3.