З гісторыі калгаса

З гісторыі калгаса

 

Святыя землі продкаў! Іспакон вякоў сеялі на ёй жыта мясцовыя сяляне: Пятрэвічы, Сіткевічы, Семенякі, Даманоўскія, Полудні, Самойлы.

Землі жытамлянскія заўжды давалі неблагі ўраджай. Адваяваныя ў лясоў і балот, дастаткова пладавітыя, раўнінныя.

У сярэдзіне ХIХ ст. уся тутэйшая воласць звалася Асіпоўшчынай, бо амаль усе землі належалі памешчыкам Осіпавым. Царква валодала згодна дакумента : "Земли церковной в пользовании причта 31 десятина, усадебной: 2 десятины 470 сажен, пахотной: 24 десятины 1726 сажен и сенокосной: 2 десятины 1532 сажени"‎. Бедным сялянам даставаліся менш урадлівыя, забалочаныя землі.

У 1939 годзе ў Жытомлі ўтварыўся часовы валасны камітэт пад старшынствам У. С. Полудня. Камітэт адразу падзяліў памешчынскія маёнткі і надзяліў зямлёй малазямельных. 7 кастрычніка 1939 года ў газеце "Свободная Беларусь"‎ пісалася:

Пісаў пра гэта былы член КПЗБ з в.Завадзічы Мікалай Стрэшка.

Сяляне атрымалі зямлю і актывісты пачалі агітаваць за аб’яднанне ў калгас. Зімой 1940 года сяляне вёскі Жытомля аб’ядналіся ў калгас. На стол старшыні райвыканкама ляглі першыя заявы. Іх падалі: былы член КПЗБ В.Ф. Кучанюк, А.М. Анцулевіч, А.С. Полудзень, Д.С. Пятрэвіч. За імі пацягнуліся іншыя. Так пачаў жыць адзін з першых калгасаў на Гродзеншчыне. Першым старшыней калгаса абралі Кучанюка Васіля Данілавіча.

Кучанюк В. Д. нарадзіўся ў 1886 годзе ў Жытомлі, быў добрым гаспадаром, займаўся пчалярствам. Актыўна ўключыўся ў стварэнне калгаса. На першы калектыўны сеў калгаснікі ішлі як на свята з песнямі. У іх тады ўсё было ўпершыню: першы калгасны сеў, першы трактар. Усё абарвала вайна. У час вайны Кучанюк В.Д. быў арыштаваны, не загінуў, выжыў. Пасля вызвалення вёскі ў 1944 пачаў працаваць у заготканторы. З 1945 года па 1955 год быў абраны брыгадзірам агародніна-садоўніцкай брыгады. У даволі сталым узросце з 1955 па 1957 год працаваў касірам. З 1957 года выйшаў на пенсію. Памёр у 1970 годзе, пахаваны на могілках у Жытомлі.

Пасляваеннае адраджэнне калгаса пачалося адразу пасля вызвалення вёскі. Калгас атрымаў назву “Калгас імя Сталіна”. Спачатку ў калгас уступіла 17 сямей, але падчас вясенняй сяўбы іх колькасць падвоілася. Былы член падрайкома, брыгадзір А.М. Анцулевіч стаў удзельнікам Усебеларускай сельскагаспадарчай выставы.

А.Анцулевіч, 1925 г.

Анцулевіч А. Ф. нарадзіўся ў 1894 годзе ў Жытомлі. Бацька яго, Максім Фёдаравіч, батрачыў на памешчыка П. Дзянкоўскага, потым выбіўся ў сераднякі. Сам быў неадукаваны, але дзяцей вучыў. Аляксея аддаў у царкоўнапрыхадское вучылішча. Перад Першай сусветнай вайной яму споўнілася 20 гадоў, падышоў тэрмін вайсковай службы. Калі немцы падступілі да Гродна, Максім Фёдаравіч пакінуў з сям’ёю родныя мясціны і рушыў на ўсход. Сямья асела на Магілёўшчыне. Адсюль Аляксея забралі ў армію. Служыў у другім запасным сібірскім тэлеграфным батальёне. У 1917 годзе ўступіў у чырвонагвардзейскі атрад, які дзейнічаў у Горках. У Чырвонай арміі, у якую ўліваліся чырвонагвардзейскія атрады, Аляксей Анцулевіч стаў сувязістам. У складзе 7-й арміі вясной 1919 года ён удзельнічаў у баях з белагвардзейцамі генерала Юдзеніча. Потым былі баі з белапалякамі пад Лідай, Брэстам. Вярнуўся ў родную Жытомлю ў 1921 годзе. Стаў актыўным членам ячэйкі КПЗБ. У час вайны дапамагаў падпольшчыкам. Летам 1944 года прыйшло доўгачаканае вызваленне. Аднаўлялася разбураная вайной гаспадарка, аднаўляўся і жытамлянскі калгас. Аляксей Максімавіч стаў загадчыкам фермы, з’яўляўся дэпутатам сельскага савета. У 1965 годзе праўленне калгаса прызначыла яму пажыццёвую пенсію. Але Аляксей Максімавіч працягваў працаваць. Яго 75-годдзе было азначана медалём "За доблесную працу"‎, праз 2 гады атрымаў званне “Заслужаны калгаснік”, і толькі ў 1978 годзе, калі ветэрану споўнілася 84 гады, адчуўшы, што пачаў слабець, пайшоў на пенсію. Але і пасля гэтага не страціў цікавасці да жыцця. Да самай смерці быў пастаянным наведвальнікам усіх грамацкіх мерапрыемстваў у клубе, актыўным чытачом бібліятэкі. Дарэчы, значную частку з гісторыі калгаса я даведалася асабіста ад Анцулевіча А.М.

Памёр у 1988 годзе ва ўзросце 94 гады і пахаваны на могілках вёскі Жытомля.

А.Анцулевіч, 1978 г.

17 верасня 1948 года на калгасным сходзе старшынёй абралі Дзмітрыя Сямёнавіча Пятрэвіча. Ураджай у гэты год парадаваў калгаснікаў – зямля дала па 14 ц збожжа з га. Калгаснікі атрымалі на трудадзень па 3 кг збожжа, 8 кг бульбы і па 3 рублі грашыма.

У 1950 годзе ў калгасе было ўжо 120 сямей. Гаспадарка набірала сілу. Патрэбны былі склады, канюшні, фермы. Іх будавала брыгада С.Н. Абухоўскага. Многія з іх стаяць і цяпер.

Упершыню створаныя звенні, якія ўзначалілі чатыры Веры – Мышко, Міхайлоўская, Даманоўская, Полудзень, паспяхова асвойвалі новую культуру – цукровыя буракі. У 1950 годзе яны атрымалі па 400 ц з га. У 1951 годзе адбылося першае аб’яднанне суседскіх мелкіх калгасаў у адну больш буйную гападарку. У 1953 годзе старшынёй калгаса стаў І.В.Беспалых. Асушалася векавое “святое” балота, праводзілася электрафікацыя. Да 1962 года калгас, які цяпер меў назву “Гвардыя”, стаў перадавым у Скідзельскім раёне. Калгас рос, мужнеў, разам з ім мужнелі і раслі людзі. У 1960 годзе раённая газета абвясціла, што брыгада Д.С. Пятрэвіча атрымала самы высокі ўраджай ў Скідзельскім раёне па азімай пшаніцы. На ўвесь раён раснеслася слава пра працоўныя подзвігі брыгады І. Н Грыгуся, даярак В. І. Лобань і А. Г. Бузун, пастуха В. Лукашэвіча. У газеце "Красное знамя" ад 11 лютага 1961 года пісалася:

А.Бузун, 1961 г.

Зямля адказала на турботу аб ёй цудоўнымі ўраджаямі. Калі ў 1954 годзе было атрымана зерневых па 8,1 ц з га, то ў 1957 ужо па 12 ц з га, а ў 1964 годзе – 21 ц з га. З 1957 па 1968 гг. старшынёй калгаса быў Абуховіч Эдмунт Іосіфавіч.

Э.Абуховіч, 1976 г.

Рост уражайнасці зерневых у калгасе “Гвардыя”: 1964 - 21 ц з га, 1972 – 33 ц з га,1974 – 42,5 ц з га. Вясной 1978 года калгас “Гвардыя” быў расфарміраваны. Жытомля ўвайшла ў склад СГП “Прагрэс-Верцялішкі”, як 4-я вытворчая брыгада. Але па-ранейшаму, жатамляне засталіся “гвардзейцамі” і займаюць высокія творчыя паказчыкі па ўсіх накірунках.