Антрапонімы вёскі Жытомля


 

"Кожная мова мае свае антрапонімы."
В.Катаеў

Слова "антрапонім" - гэта слова грэчаскага паходжання, якое складаецца з двух слоў: “антрапас” – чалавек і “оніма” – імя. Такім чынам, антрапонімы – гэта чалавечыя імёны. А вывучэннем імён людзей, прозвішч, імён па бацьку, мянушак займаецца навука, якая называецца антрапаніміка. Антрапаніміка – гэта навука аб гісторыі і сучасным карыстанні антрапонімаў.

Імя чалавек атрымлівае адразу ж пасля нараджэння. Падрасце дзіця і разумее, што ён, напрыклад, Аляксандр. На гэта імя адгукаецца, потым пачынае разумець, што не толькі ён Аляксандр, а ёсць і другія хлопчыкі з гэтым імем. Далей чалавек разумее, што ён Аляксандр Самойла, гэта значыць у яго ёсць прозвішча іншае ад другіх Аляксандраў, а стаўшы дарослым, Аляксандр Самойла ўжо завецца і імем па бацьку – Самойла Аляксандр Мікалаевіч. А яшчэ бывае так, што гэты чалавек атрымлівае мянушку – Сэм. Вось усе гэтыя словы: Аляксандр, Мікалаевіч, Самойла, Сэм і ёсць антрапонімы.

Сярод антрапонімаў у моўнай практыцы найчасцей ужываюцца ўласныя імёны людзей і іх прозвішчы. Яны найчасцей гучаць у штодзённых размовах, выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях мовы, без іх нельга ўявіць сабе любы від пісьма. Гэта, таксама, істотная частка лексікі ў творах мастацкай літаратуры, артыкулах, сродках масавай інфармацыі, афіцыйна-справавых дакументах.

Чалавека заўжды цікавіць, што азначае яго імя, адкуль яно паходзіць, з чым звязана яго прозвішча, адкуль продкі атрымалі менавіта гэта прозвішча і гэтак далей. Адказы на гэтыя пытанні схаваны ў глыбіні гісторыі, хатніх архівах, успамінах продкаў і нават у творах мастацкай літаратуры… І каб не ператварыцца ў бязродную асобу, як кажуць, Івана, які не ведаў роду свайго, трэба пачынаць разгадваць тыя загадкі.

Для гэтага існуюць такія навукі як гісторыя, геаграфія, мовазнаўства. Добра, калі ў сям’і ведаюць свой радавод. А калі не? Калі не, то ніколі не позна пачаць яго складаць і вывучаць.

Мэта гэтай працы – дапоўніць працу аб гісторыі роднай вёскі праз вывучэнне асаблівасцей беларускай анамастыкі, даведацца, як узніклі нашы імёны і прозвішчы, вызначыць найбольш распаўсюджанныя імёны нашай мясцовасці, прозвішчы і мянушкі аднавяскоўцаў.

Перш чым прыступіць да гэтай працы, была праведзена наступная работа:

1. Знаёмства са слоўнікамі: слоўнік словаўтварэння беларускай мовы, тлумачальны слоўнік, слоўнік сінонімаў, слоўнік асабовых уласных імён.

2. Вывучаліся працы: Біла М.В. “Беларуская антрапаніміка”; Крук Я., Котович О. “Колесо времени: Традиции и современность”; Шур В. “Беларускія ўласныя антрапаніміка і тапаніміка”. Вынікі, якія робяць аўтары названых прац, выкарыстоўваюцца ў дадзенай рабоце.

3. Знаёмства з творамі мастацкай літаратуры.

4. Вывучаліся дакументы з хатніх архіваў.

5. Праводзіліся апытанні жыхароў вёсак Жытомля, Абуховічы, Талочкі, Завадзічы, Машталеры.

 

 

Галоўная функцыя ўласных імён

Антрапонімы ў час Кіеўскай Русі

Антрапонімы ў дахрысціянскі час

Правілы продкаў да выбару імя

Жаночыя и мужчынскія імёны

Блок 1.

Асабовыя ўласныя імёны аднавяскоўцаў.

 

"Імя чалавеку даецца адразу ж пры яго нараджэнні
і з малаком мацеры, як кажуць, пераймаецца істотаю
на ўсё жыццё. Яно заслугоўвае каб яго шанавалі."
Янка Скрыган

Галоўная функцыя ўласных імён – выдзяляць з ліку асоб канкрэтную асобу, каб вырозніваць яе з ліку іншых, каб можна было аклікнуць, звярнуцца, ці адазвацца.

Даследчыкі, якія займаюцца праблемамі анамастыкі, маюць свае думкі наконт уласных імён. Некаторыя з іх лічаць, што асабовае імя – гэта самы старажытны тып антрапонімаў, узнікла, на іх думку, яшчэ ў той час, калі пачала фарміравацца чалавечая мова. У старажытных славянскіх плямёнаў было толькі асабістае імя, якое больш нагадвала мянушку. Прозвішча нашы продкі не мелі. Імёны давалі:

а) па нейкаму падабенству з раслінай, жывёлінай – Галка.

б) па іншым прыметам: доўгачаканае дзіця – Ждан, мае добры характар – Дабрыня.

Менавіта таму з асабовымі імёнамі звязана вялікая колькасць абрадаў, легендаў, забабонаў, вераванняў, прыказак, прымавак, казак.
Звернемся да беларускіх народных казак. Як народ называў герояў тых казак? У казках пра жывёл - Зайка-Папрыгайка, Лісіца-Сястрыца, Воўк-Зубамі шчоўк і г.д. Імёны нагадвалі характарыстыкі герояў. Такім чынам, імя паказвала, хто перад намі, дапамагала адрозніць ад іншых і нават давала настрой на паводзіны. У чарадзейных казках героі таксама маюць імёны, якія іх характарызуюць – Васіліса Прамудрая, Царэўна Несмеяна.

З прыняццем хрышчэння Кіеўскай Русі нашы продкі сталі хрысціянамі і імёнаў прыбавілася. Візантыйская царква падаравала славянам разам з верай імёны святых, якімі пачалі называць хрышчоны люд. Стала традыцыяй надаваць імёны пры хрышчэнні, а якім імем назваць дзіця, вырашала царква. Царква давала імёны па “святцам”. “Святцы”- гэта спіс праваслаўных святых.

Царква давала імя дзіцяці святога, чыё імя супадала з днём народзін дзіцяці. З’явіўся нават пералік імёнаў, якія дазволена было даваць дзіцяці. Ёсць адна цікавая акалічнасць – у “святцах” адны імёны сустракаюцца многа разоў (напрыклад – Іоанн (Іван) – 62 разы), а іншыя толькі раз – (Ксенія).

Атрымліваецца гэта так таму, што ў “святцы” пападалі імёны тых, хто сваім жыццём заслугоўвае тое. У хрысціянстве існуе свая іерархія Божых святых. Першымі ідуць Прарокі – святыя, якія прадказалі прыход Хрыста: Ілля, Іоанн Прадтеча, вучні Хрыста, у якасці 12 – Апосталаў, сярод якіх Пётр і Павел (Першавярхоўны), Матфей, Марк, Лука, Іоанн Багаслоў (Евангеліст), затым ідуць Раўнаапостальныя – Канстанцін і Алена, князь Уладзімір, Марыя Магдаліна і інш. Ёсць у “святцах” Мучанікі – тыя, хто за веру у Хрыста цярпелі мукі (Стэфан, Фёкла). Калі давалі імя дзіцяці па “святцам”, то выбіралі імёны тых, што жыў доўга і шчасліва і стараліся не даваць імёны свяшчэнамучанікаў. Але было і так – царква давала дзіцяці адно імя, а бацькі працягвалі зваць яго на тутэйшы лад, так званым мірскім імем. Атрымлівалася ў чалавека два імя.

Пры далучэнні Беларусі да Расіі імёны нашых продкаў зменьваліся пры запісу у розных дакументах, яны пераіначваліся на расійскі лад. Так Мікола стаў Мікалаем, Ян – Іванам і г.д. Пры царстваванні Пятра I усе нецаркоўныя імёны наогул былі заменены на модныя нямецкія, французскія, а польская шляхта давала імёны сваім дзецям толькі на польскі лад.

Усе гэтыя гістарычныя падзеі аказалі ўплыў на імёны аднавяскоўцаў, так як наша вёска знаходзіцца побач з суседняй Польшчай, а праз вёску ў розныя гады праходзілі і шведы, і татары, і французы, і немцы. Большасць нашых асабовых імёнаў – гэта грэчаскія, старажытнарымскія, старажытнаяўрэйскія, сірыйскія, егіпецкія мовы. Напрыклад, а для прыкладу будзем ужываць імёны, якія носяць аднавяскоўцы:

Андрэй (з мовы грэкаў) – мужны, храбры;

Аркадзь – пастух;

Васіль – царскі;

Генадзь – радавіты, высакародны;

Галіна – спакойная, разважлівая;

Канстанцін – сталы, пастаянны, стойкі;

Марына(з лацінскага) - марская;

Пётр – цвёрды, камень;

Расціслаў – той, хто росціць славу;

Юлія – нарожанная ў ліпені (июле).

Многія з імёнаў у беларускай мове набылі разнастайныя варыянты:

Софья – Зося;

Василий – Васіль, Базыль;

Константин – Кастусь;

Пётр – Пятрусь, Пятро, Пятрук, Пётра;

Елена – Алена.

У дахрысціянскі час усе язычніцкія імёны гучалі коратка: Бор, Вір, Дан, Юр, Ян. З пашырэннем хрысціянства многія з іх засталіся ў традыцыйным ужытку – Ян, а многія падвергліся зменам у бок збліжэння з класічна хрысціянскімі варыянтамі: Бор – Бар-ыс, Віт – Віт-аля, Дан – Дан-іла, Юр – Юр-ый.

Імёны Вячаслаў, Расціслаў, Святаслаў, Уладзімір, Яраслаў лічыліся княжацкімі, раней імі карысталіся толькі прадстаўнікі знатных дваранскіх радоў, людзі блізкія да царскага двара. У такіх імёнах выкарыстоўваюцца кампаненты "слаў-" і "улад -". Так закладвалася ідэя аб тым, што носьбіт такіх імён павінен дабываць з дапамогай сілы, войнаў, праз веды, славу і валодаць ёй, а таксама ўсім светам. Гэта тычыцца кампанента  "улад-", а кампанент "слаў-" гаворыць аб высокай ступені славы: Святаслаў – “святая слава”, Яраслаў – “ярая”, гнеўная слава. Носьбіты такіх імёнаў як бы ўзносяцца над іншымі, заўжды на вышыні.

Сярод жаночых язычніцкіх імёнаў: Алена, Вера, Людміла, Святлана. Ёсць меркаванне, што імя язычніцкага бога Віта было ў вялікай пашане ў славян. Яно азначала “вялікае святло”, ад яго ўтварыліся імёны Віталь, Вітольд і інш.

У наш час колькасць уласна славянскіх імёнаў абмежавана. У выніку розных гістарычных абставін на Беларусі атрымалі пашырэнне і ўзаемадзеянне дзве сістэмы ўласных імёнаў: візантыйска-грэчаская і рымска-каталіцкая, некаторыя з іх, выцесніўшы язычніцкія адпаведнікі, замацаваліся нават як назвы хрысціянскіх свят:

Юрый – Юр’е,

Пётр – Пятро,

Ілля, Ян і інш.

Вядома, што беларусы здаўна адносіліся з вялікай адказнасцю да выбару імя нованароджанага, бо ў народнай свядомасці з імем звязвалі дальнейшы лёс чалавека, яго шчасце, здароўе, ці наадварот, - няшчасце, хваробы. Існавалі правілы, якія выпрацавалі нашы продкі, калі выбіралі імя дзіцяці:

1.Лічылася, што калі назваць дзіця імем чалавека, які валодае добрымі якасцямі (майстэрствам, дабрынёй, прыгажосцю ці гаспадарлівасцю), то гэтыя якасці да яго і перайдуць. І наадварот, ніколі не давалі імя самагубцаў, заўчасна загінуўшых, выпівох, ці гультаёў.

2.Выбіраючы імя па “святцах” улічвалася тое, што калі назваць дзіця імем Праведніка – да дабра, а Мучаніка – да няшчаснай долі.

3.Лічылася дурной звычкай даваць дзіцяці імя аднолькавае з тым, хто ў сям’і ўжо мае такое імя. Звязана гэта з тым, што ў іх будзе адзін святы – заступнік, які не зможа зберагчы дваіх і адзін з цёсак можа загінуць.

4. Не давалі імя памёрлага дзіцяці, бо нованароджаны можа паўтарыць яго лёс.

5.Пакуль дзіця не ахрышчана, нельга было зваць яго па імені, а можна было называць Багданам, ці Багданай – Богам дадзенныя, альбо якім-небудзь імем, акрамя таго, якое дзіця атрымлівала пры хрышчэнні.

Нашы продкі давалі імёны з кампанентамі "улад-", "слаў-" княжацкім сынам, бо ведалі: імя вызначае лёс чалавека. Чым імя высакародней, тым больш годным будзе чалавек. У наш час такія імёны набылі попыт і ўсё часцей імі называюць дзяцей. Жывуць у нашай вёсцы Расціслаў, Святаслаў і Яраслаў.

Адна цікавая акалічнасць. Некаторыя мужчынскія імёны ў беларускай мове маюць жаночыя варыянты. Так, у нас у Жытомлі ёсць такія імёны:

Васіль – Васіліна,

Валерый – Валерыя,

Алег – Вольга,

Алесь – Алеся,

Антон – Антаніна,

Стась – Стася,

Яўген – Яўгенія.

Хрысціянскія імёны ўжываюцца ва ўсім свеце. Напрыклад, імя Іван пашырана ў Расіі, Беларусі і Украіне, у розных варыянтах сустракаецца ў іншых краінах свету: Ян – у Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Хуан – у Іспаніі, Іоган – у Германіі, Аўстрыі, Джон – у Англіі, Канадзе, США, Джавані – у Італіі, Вано – у Грузіі і г.д.

Імёны, якія атрымлівалі нашы продкі, адносіліся да двух імёнаслоўных сістэм: праваслаўнай, або візантыйска-грэчаскай і рымска-каталіцкай. Праваслаўныя імёны прайшлі з грэчаскай мовы праз царкоўна-славянскую, а каталіцкія – з лацінскай мовы праз польскую. Часцей ці прасцей іх называюць рускімі і польскімі.

Сяргей Панізнік у вершы “Спадарыня Ганна” піша:

Гартайце старажытныя пісьмёны,
Чытайце нашы даўнія імёны.
Паўлінка, Каралінка і Параска!
Тут кожнае імя нібыта казка!

У нашай мясцовасці сярод жаночых імён часцей сустракаюцца такія імёны, як Таццяна, Галіна, Тамара, Алена, Марыя. Сярод мужчынскіх – Іван, Уладзімір, Мікалай, Пётр, Віктар. У апошні час з’явіліся – Елізавета, Максім. Найбольш рэдкія, якімі назвалі дзяцей зусім нядаўна – Давід, Карына.

Вось спіс імён, якія маюць аднавяскоўцы і іх значэнне.

 

МУЖЧЫНСКІЯ ІМЁНЫ:

Алег (слав.) – ад слова "хельг" – святы;

Аляксандр (грэч.) – мужны;

Аляксей (грэч.) ад слова "алекса" – абаронца;

Анатоль (грэч.)- 1-шы варыянт: ад слова "анатоле" – усход;

2-гі варыянт: ад вобласці Анатолія (Турцыя);

Андрэй (грэч.) – ад слова "андрэйас" – мужны, адважны;

Антон (лац.) – 1-шы варыянт: той, хто ўступае ў бой,

2-гі варыянт: той, хто наперадзе;

Аркадзь (грэч.) – з вобл. Грэцыі Аркадзіі;

Артур (ням.) – паслухмяны;

Арцём (грэч.) – ад слова "артэмес" – здаровы, цэлы;

Барыс (слав.) – ад 2-х слоў "бар" (барацьба) і слава;

Вадзім (слав) – ад слова "водзіці" – сварыцца;

Валерый (лац.) – ад слова "валео" – дужы, здаровы;

Васіль (грэч.) – ад слова "базілеўс" – цар;

Віктар (лац.) – ад слова "віктор" – пераможца;

Віталій (лац.) – ад слова "віталіс" – жыццёвы;

Генадзь (грэч.) – ад лова "генадас" – высакародны, шляхетны;

Георгій (грэч.) – ад слова "георгас" – земляроб;

Глеб (сканд.) – дужы, квітнеючы;

Грыгорый (грэч.) – ад слова "грэгорыо" – бадзёры;

Даніла (старажытнаяўр.) – дасл. Бог – мой суддзя;

Дзмітрый (грэч.) – належачы багіні земляробства Дзяметры;

Дзяніс (грэч.) - надхненны;

Іван (старажытнаяўр.) – той, каго мілуе Бог;

Ігар (сканд.) – чалавек справы;

Ілля (старажытнаяўр.) – дасл. мой Божа;

Іосіф (старажытнаяўр.) – прымножаны;

Канстанцін (грэч.) – ад слова "канстантіс" – пастаянны, стойкі;

Кірыла (грэч.) – уладар;

Леанід (грэч.) – ад слоў "леан" і "ідэа" – знешні від падобны на льва;

Максім (лат.) – ад слова "максімус" – найвялікшы;

Марк (грэч.) – ад слова "маркус" – малаток;

Мікалай (грэч.) – ад слоў "кіне" і "лаас" – перамога і народ, той, хто перамагае народы;

Міхаіл (старажытнаяўр.) – падобны Богу;

Павел (лац.) – ад слова "паўлюс" – малы, невялікі;

Пётр (грэч.) – ад слова "петра" – камень, скала, цвёрды;

Раман (лац.) – рымлянін, жыхар Рыма;

Расціслаў (слав.) – той, хто памнажае славу;

Святаслаў (слав.) – той, хто нясе святую славу;

Сцяпан (грэч.) – ад слова "стэфанас" – вянок;

Сяргей (лац.) - 1-шы вар.- стражнік, вельмі паважаны,

2-гі вар. – ад слова "ярэнус" – ясны, празрысты;

Уладзімір (слав.) – той, хто валодае мірам;

Уладзіслаў (слав.) – той, хто валодае славай;

Філіп (грэч.) – той, хто любіць коней;

Фёдар (грэч.) – ад слоў "тэас" і "доран" – Бог і дарунак, Божы дар;

Цімафей (грэч.) – ад слоў "ціме" і "феас" – гонар і Бог, той, хто шануе Бога;

Эдуард (грэч.) – ад слова "эдуа" – тут, тутэйшы;

Яраслаў (слав.) – 1-шы вар. гарачы, раз’юшаны, ”яры” да славы;

2-гі вар. ад слова "яро", "ярый" – шмат святла;

Яўген (грэч.) – ад слова "эўгенас" – высакародны.

ЖАНОЧЫЯ ІМЁНЫ:

Ала (грэч.) – ад слова "элешо" – адлюстроўваць святло;

Алёна (грэч.) – ад слова "гелас" – святло, сонца;

Алеся (грэч.) – мужная;

Аляксандра (грэч.) – мужная, абаронца людзей;

Анжэліка (грэч.) – ад слова "ангелас" – вястун;

Антаніна (лац.) – 1-шы вар.: кветка;

2-гі вар.: ад мужчынскага Антон – той, хто наперадзе;

Валерыя (лац.) – моцная;

Валянціна (лац.) – здаровая;

Вера - 1-шы варыянт: (лац.) –спадзяванне;

2-гі варыянт: (грэч.) ад слова "лісціс" – перакананне;

Вераніка (грэч.) – тая, што нясе перамогу;

Вікторыя (лац.) – перамога;

Віта (лац.) – ад слова "віта" – жыццё;

Вольга (слав.) – жаночы варыянт ад імя Алег - святы;

Галіна (грэч.) – ад слова "галева" – спакойная;

Ганна ( старажытнаяўр.) – сімпатычная, грацыёзная;

Дар’я (грэч.) – пераможца;

Дзіна (лац.) – ад імя багіні палявання Дзіяны;

Жанна (фр.) – сімпатычная;

Зінаіда (грэч.) – народжаная Зеўсам, Боская;

Зоя (грэч.) – ад слова "зоа" – жыццё, жывучая;

Ірына (грэч.) – ад слова "эйрэн" – мір, згода;

Кацярына (грэч.) – ад слова "катарынас" – чыстая;

Ксенія (грэч.) – ад слова "ксенія" – гасцінная, чыстая;

Ларыса (грэч.) – ад слова "ларыс" – чайка;

Лізавета (старажытнаяўр.) – Бога майго клятва;

Лідзія (грэч.) – родам з вобласці Лідзія;

Любоў (слав.) – адданасць;

Людміла (слав.) – ад слоў "люзі" і "міла" – мілая, добрая людзям;

Маргарыта (лац.) – жамчужына;

Марына (лац.) – марская;

Марыя (старажытнаяўр.) – ад імя Мара – адхіляць непрыемнае;

Надзея (слав.) - пераклад грэч. слова "эльпіс" – спадзяванне, чаканне;

Настасся (грэч.) – ад слова "анастас" – уваскрэслая;

Наталля (лац.) – ад слова "анаталіс" – родная;

Ніна - ласкавая;

Раіса (грэч.) – ад слова "радзія" – просты, як камень;

Святлана (слав.) – светлая, ясная;

Сняжана (балг.) - снежная;

Сафія (грэч.) – мудрая;

Тамара (старажытнаяўр.) – фінікавая пальма;

Таццяна (грэч.) – арганізатарка, ад слова "татто" – уладарыць;

Хрысціна(грэч.) – тая, хто належыць Хрысту;

Юлія (лац.) – 1-шы варыянт: кучаравая,

2-гі варыянт: ад мужчынскага Юліус – сноп,

3-ці варыянт: народжанная ў ліпені (июле);

Яўгенія (грэч.) – ад слова "эўгенас" – высакародная.

Блок 2.

Прозвішчы аднавяскоўцаў

 

Як вядома, род, ці народ яднаюцца адным
словам – радзіма. Ці часта мы задумваемся: адкуль
пайшоў я сам, адкуль пачалася мая дарога ў свет?
Віталь Вітка

Адна з прычын узнікнення прозвішчаў – недастатковая колькасць уласных імёнаў, што прыводзіла да іх частага паўтарэння. Каб мець магчымасць дакладна вылучаць пэўную асобу, узнікла неабходнасць у дадатковых сродках яе абазначэння. Такімі сродкамі сталі другое імя, імя-мянушка, імя па бацьку. Калі імя належыць асобна аднаму чалавеку, то прозвішча – паняцце больш шырокае, яно агульнае для ўсёй сям’і, а бывае нават і для ўсёй вёскі – Талочкі, Цыдзікі, Абуховічы.

Працэс фарміравання прозвішчаў быў паступовы. Прыдумаць прозвішча дапамагалі:

а) картографы, якія пачалі пераносіць назвы гарадоў і вёсак на паперу;

б) святары, калі запісвалі тых, хто браўся шлюбам;

в) пісары, калі памылкова, або знарок запісвалі прозвішча на іншы лад.

Шматлікія беларускія прозвішчы паходзяць: па-першае, ад агульных назоўнікаў, якія паспелі на прамежкавым этапе пабыць уласным імем чалавека, асабліва ў дахрысціянскі перыяд (Ткач, Кот, Казёл, Жук); па-другое, яны ўтварыліся ад уласных кананічных імёнаў (Іван–Іваноў, Іваноўскі, Івашка); па-трэцяе – ад шматлікіх агульных назоўнікаў, якія на першым этапе падкрэслівалі характэрную асаблівасць чалавека і былі спачатку імёнамі-мянушкамі (Болбат, Гарошка, Каплун).

Побач з уласным імем чалавека ў помніках пісьменства нярэдка бачым назвы людзей па:

а) прафесіі (Пётр: ганчар, адсюль прозвішча – Ганчарук),

б) паселішчы, дзе чалавек нарадзіўся (Іван: пінчук – Пінскі),

в) паводле характэрнай прыкметы яго знешнасці (Васіль: крыварукі – Крываручка).

Значная колькасць прозвішчаў трапіла да нас ад суседніх народаў і іх моў. Нашы землі ў розны час належалі вялікаму княству Літоўскаму, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. Пад уплывам моў суседскіх народаў у нашай анамастычнай сістэме замацаваліся іх прозвішчы і імёны. У наш час многія аднавяскоўцы маюць тыповыя рускія, польскія, літоўскія прозвішчы: Антонаў, Галаванаў, Сапкоўскі, Літоўчанка.

Для нашай мясцовасці тыпічнай з’яўляецца такая акалічнасць, як прозвішчы на –скі, -цкі, -іч, -овіч, -евіч. У мінулым такія прозвішчы ў беларусаў, украінцаў і палякаў паказвалі да якого сацыяльнага слоя чалавек адносіцца. Прозвішчы на –скі, -цкі раней належалі шляхце, такія ж якасці ў беларусаў мелі і прозвішчы на –овіч, -евіч. У польскай жа мове прозвішчы на –овіц, -евіц, наадварот падкрэслівалі ніжэйшую сацыяльную ацэнку і былі частымі сярод простага люду.

Нашы продкі давалі прозвішчы на “сама тыя” тым, хто быў упарты, ганарлівы – “сама тая, што ўступіць” - Саматохіна, на “як” атрымлівалі прозвішчы тыя, хто меў звычку перапытваць тое, аб чым гаварылася – Якусевіч.

Вельмі важна ведаць свой род, адкуль ты,хто пачынальнік роду, “чыіх ты?”, як казалі раней.
Л.Рублеўская лічыць:

“У свеце адасобленых няма.
І ты – камень у бруку ці кароне.
Знайдзі свой герб.
І прадзеда імя ўспомні.”

 

Звернемся да прозвішчаў аднавяскоўцаў і паспрабуем разабрацца ў іх паходжанні.

Трэба адзначыць, што для нашай мясцовасці характэрна наёмасць прозвішчаў не толькі тых, што мелі нашы продкі, але ёсць і рускія, літоўскія, сербскія. Наша вёска стаіць на месцы, дзе праходзіў паштовы шлях ад Гродна да Вільні. Вёска заўжды лічылася не маленькай, таму вабіла да сябе люд з іншых мясцін. Падчас Першай сусветнай вайны амаль усе жыхары Жытомлі рушылі ў Расію, назад вярнуліся толькі ў 1920 годзе. І вярнуліся многія не адны, пабраліся шлюбам з рускімі. У той час, калі Беларусь увахозіла ў склад Савецкага Саюзу ішло аб’яднанне калгасаў, у нас вялося будаўніцтва жылля, многіх вабіла танная жытло і добры заробак. Вось і пацягнуліся ў Жытомлю з Віцебшчыны, Казахстана, Літвы… Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС у Жытомлю прыехалі перасяленцы з зоны адлучэння. Вось і атрымліваецца, што сярод нас носьбіты прозвішчаў з розных мясцін.

Абуховіч – прозвішча давалася ляснікам, за тое, што яны насілі за поясам сякеру з абушком.

Аверка – ад слова "аверта" – бегчы назад.

Адаменя – ад імя Адам.

Адамовіч – ад імя Адам.

Андрэйчык – ад імя Андрэй.

Антоненка – ад імя Антон.

Антонаў – ад імя Антон.

Апалайка – ад слова "апала" (гнеў, няміласць).

Арцукевіч – ад слова цурчаць, цячы.

Бабко – ад слова боб.

Бакшук – 1-шы вар. той, хто шукае,

2-гі вар. “ба ашуканец”.

Барадаўка – непасрэдна ад слова барадаўка.

Барадзін – ад слова барада.

Барысевіч – ад імя Барыс.

Бачкароў – ад слова бочка.

Беланаў – ад колеру валос – белы.

Бівойна - словазлучэнне бі воіна.

Болбат – чалавек, які многа гаворыць – балбоча.

Брыцько – ад слова брыца (пластуша).

Булай – з кіргізкага – "булай" – паказвацца з-за сцяны.

Варонін – ад слова варона.

Варонка – ад слова варона.

Галаванаў – ад слова галава.

Гарошка – ад слова гарох.

Гуд – ад слова гуд – гаворыць моцна.

Давыдоўскі – ад імя Давід.

Далгашэй – ад слоў доўгая шыя.

Жывушка – ад слова жывучы.

Жытко – ад слова жыта.

Жук – ад слова жук.

Жукель – ад слова жук.

Жэлатаў – ад слова жыла.

Заблоцкі – той, хто жыве за балотам.

Зорка – ад слова зорка.

Зуй – ад мянушкі, якую давалі рослым, а паводзіны як у дзіцяці.

Іваноўскі – ад імя Іван.

Івашка – ад імя Іван.

Казлоўскі – ад слова казёл.

Калбыко – ад слова бык.

Камінскі – той, хто паліў у пана камін.

Канстанцінаў – ад імя Канстанцін.

Каралькоў – ад слова кароль.

Касякоўскі – чалавек, які меў промахі (касякі).

Качан – ад слова качан.

Кашкевіч – ад слова каша.

Кашчэй – ад назвы міфалагічнага героя Кашчэя.

Кізевіч – ад слова кізіл.

Козел – ад слова казёл.

Кравец – ад слова кроіць.

Краўцэвіч – ад слова кравец.

Крупіца – ад слова крупіца.

Крываручка – ад слоў крывая рука.

Крываблоцкі – ад слоў крывыя бакі.

Кузміч – ад грэчаскага слова козмас – упрыгожванне з зорак.

Кузняцоў – ад слова кузнец.

Кулевіч – ад імя Акуліна (арліная).

Кулікоўскі – ад імя Акуліна.

Кулінко – ад імя Акуліна.

Кучка – ад слова куча.

Кучэйка – ад слова куча.

Кучынскі – ад слова куча.

Кушнер – ад слова кушнер, так называлі тых, хто вырабляў шкуры звяроў.

Лазута – ад слова лазун (майстар добра ладзіць).

Лаўчынскі – ад слова лоўкі, спрытны.

Лапыш – ад слова лапа.

Лашчэўскі – ад слова лашчына.

Лебедзеў – ад слова лебедзь.

Лебедевіч – ад слова лебедзь.

Леонаў – ад імя Лявон.

Літрыеў - 1-шы вар. ад слова ліць.

2-гі вар. ад слова літар.

Лічык – ад слова лічыць.

Майко – народжаны ў маі.

Максімаў – ад імя Максім.

Максімовіч – ад імя Максім.

Малевіч – ад слова малы.

Малюк – ад слова малы.

Малышко – ад слова малы.

Мамчыц – альбо мамчын ( які належыць маме).

Масевіч – той, хто мала сея.

Матіхвейчык – ад імя Маціхвей.

Мядзведзеў – заалагічны тэрмін ад слова мядзведзь.

Мілоста – ад імя мілы.

Мініч - ад грэчаскага імя Міна, што азначае месяц.

Мінько - ад грэчаскага імя Міна, што азначае месяц.

Мінцэвіч - ад грэчаскага імя Міна, што азначае месяц.

Міхалковіч – ад імя Міхайла.

Міхайлоўскі - ад імя Міхайла.

Мулярчык – па прафесіі муляр.

Нікалаеў – ад імя Мікалай, рус. Николай.

Нікіфараў - ад імя Нікіфар.

Новік – навабранец.

Пабудка – ад слова пабудова.

Паведайка – той, хто паведвае.

Паўлаў - ад імя Павел.

Пасешнюк – ад слова пасечнік (пчаляр).

Пачэпка – той, хто чапляецца.

Пахомчык - ад імя Пахом.

Пералайка – ад слова лаецца.

Плаўскі – той, хто добра плавае.

Полудзень – абед, палова дня.

Пракопчык – ад слова пракапаць.

Пузыня – ад слова пузаты.

Пятрэвіч - ад імя Пятро.

Рагоўкі – ад слова рага, рагі – струменьчыкі вадасці.

Размысла – ад слова размысліць, абдумаць.

Разнічэнка – ад слова разніца.

Рамандліцкі – ад імя Раман.

Рапекта - ад слова рапа (салёная вада).

Раўко – той, хто раве.

Роўба – словазлучэнне бачу роў.

Савін - ад слова сава.

Савук - ад слова сава.

Саковіч – ад слова сак.

Самойла - ад слоў "сам" і "мыя".

Сапкоўскі - ад слова сапун.

Сапоцька – ад слоў сам пацее.

Саханаў - ад слова саха.

Семеновіч – ад імя Сямён.

Сечка - ад слова сечка –дробная салома.

Сіманаў – ад імя Сіма.

Сіткевіч - ад слова сіта.

Скорб – 1-шы вар. - ад слова скарб.

2-гі вар. - ад слова мур – камянная сцяна.

Статкевтч - ад слова статак – гурт кароў.

Суднікоўскі - ад слова судна.

Сухоцкі - ад слова сухоты.

Сцяпанаў – ад імя Сцяпан.

Талочка - ад слова талака.

Тарас – ад імя Тарас.

Таначоў - ад слова танны.

Ткач – па прафесіі ткач.

Трусь - ад слова трус.

Філіповіч – ад імя Філіп.

Фурса – ад арабскага фарас – конь.

Хадунай – хадок за Дунай.

Хвайніцкі - ад слова хвойка.

Хрыпакоў - ад слова хрыплы, хрыпаты.

Худоба - ад слова худоба – жывёла.

Цыбульскі - ад слова цыбуля.

Цыдзік - ад слова цыдулка, пісулька.

Чарнушчык – словазлучэнне чорныя вушы.

Шакалей – 1-шы вар.- ад слова шакал.

2-гі вар. – ад слова шалёны.

Шкрэдаў- ад слова крэйда, мел.

Шляга – 1-шы вар.ад слова шляга-прыстасаванне для ўтрамбоўкі,

2-гі вар. ад слова шляка – вызкая палоска тканіны, альбо скуры.

Шостка – ад слова шост (жэрдка).

Шумель – ад слова шум.

Шыленка - ад слова шыла.

Шышка - ад слова шышка.

Юрэчка - з рус. мовы юр – бойкая, людная мясціна (торг).

Якусевіч – ад слоў як усе.

Яновіч – ад імя Ян.

Янута - ад імя Ян.

Янушкевіч - ад імя Ян.

Янушка - ад імя Ян.

Блок 3.

Мянушкі аднавяскоўцаў.

 

“Данік - меў не адну, а некалькі мянушак,- то
Сівы, то Гусак, то Манька...
Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя
улетку. Гусаком – таму, што калісьці нагнаў
страху стары Міронаў гусак.
“Манька” у іхняй вёсцы называюць левую руку.
А Данік усё страшыў, крычаў: “Во як дам табе з манькі”.

Ва ўсе часы, як сведчаць матэрыялы даследаванняў, у беларусаў шырока ўжываліся мянушкі – нешта пераходнае паміж імем і прозвішчам. Мянушкі ўзніклі раней за прозвішчы. Мянушкамі ў адносінах паміж сабою ў сярэднявечча карысталіся нават князі. Даволі пашыранай была традыцыя даваць мянушкі прыгонным. Яны нярэдка замацоўваліся за іх носьбітамі, а для наступных пакаленняў паступова станавіліся прозвішчам.

Мянушкі ўжываюцца як яшчэ адно неафіцыйнае прозвішча да пэўнага канкрэтнага чалавека. Універсальнасць іх у тым, што яны не толькі канкрэтна называюць асобу, але і характарызуюць яе па нейкай адметнай асаблівасці. Напрыклад, па знешнасці – (Цыган), па фізічным недахопам – (Касаротаў).

Усе мянушкі можна падзяліць на групы:

а) мянушкі, утвораныя паводле назваў прадстаўнікоў жывёльнага або расліннага свету – (Баран, Ежык – бел. Вожык);

б) ад розных форм хрысціянскіх імён – (Федзя);

в) па прафесіі – (Хлебароб, Прапаршчык, Матрос);

г) мянушкі са зневажальным значэннем – (Апарыш);

д) скарочаныя прозвішчы – (Струкаў-Стручок, Хрыпакоў-Хрыпак, Мяджыдаў-Меня);

е) ад фізічных пераваг ці недахопаў – (Касаротаў);

ё) ад слова, якое чалавек любіць паўтараць – (Парапіва);

ж) часта мянушкі даюць людзям з аднолькавымі прозвішчамі. Так у нас у вёсцы некалькі чалавек маюць прозвішча Полудзень, каб адрозніваць, адны маюць мянушку – Святыя, другія – Юрачкавы, трэція – Спічкі;

з) мянушкі даюць людзям і каб вылучыць адну асобу ад іншай па якой-небудзь рысе – (Факір, Залаты).

Мянушкі часта так прыстаюць да чалавека, што імя яго і нават прозвішча гучыць толькі ў афіцыйных установах, а запісана толькі ў дакументах.

Адной з форм мянушак з’яўляюцца літаратурныя псеўданімы. Гэта штучнаствораныя, альбо пераіначаныя імёны, пад якімі пісьменнікі падпісваюць свае творы і карыстаюцца ў рэальным жыцці. Прыкладам могуць служыць Я. Колас і Я. Купала. У нас у вёсцы няма пісьменнікаў, якія б мелі псеўданімы, таму звернемся да мянушак аднавяскоўцаў і паспрабуем разабрацца ў іх паходжанні. Трэба заўважыць, што ў наш час чалавека можна адрозніваць ад іншых толькі па прозвішчу, імені і імені па бацьку. Неабходнасць даваць мянушкі даўно адпала, але звычка засталася. Прашу прабачэння, калі хто знойдзе нейкую знявагу ў сваёй мянушцы.

Афіцэр, ён жа пехацінец – хвалько, любіць казаць, што ў войску даслужыў ледзь не да генерала, а сам нават не мае афіцэрскага звання.

Гарачы – вельмі спрытны, хуткі да працы чалавек, у яго руках усялякая справа гарыць.

Гірэй – чалавек, які атрымаў гэту мянушку, любіў казаць: “Гірэй дзела”, усё “гірэй”, што ў перакладзе з татарскага “добра”. Чалавек той даўно памёр, мянушка перайшла да сына, і нават вуліца, на якой ён першым пабудаваў хаціну, мае саманазву Гірэяўка.

Ежык – цяжка выявіць, чаму чалавек атрымаў такую мянушку. Яго звалі так нават і ў 90-гадовым узросте, жонка таксама Ежычыха.

Каралёк – сталы чалавек, невялікага росту, мажнага складу, нейкае знешняе падабенства, с погляду аднавяскоўцаў, да караля, дакладней да караля не дацягвае, так – каралёк.

Касаротаў - за невялікі, ледзь прыкметны недахоп.

Кветачка – прыгожая жанчына з цудоўным голасам.

Клыпка – мела мужа – калеку, без нагі, за ім мянушка ніяк не замацавалася, а вось жанчына стала клыпкай.

Коля-Федзя – мае імя Коля, але з маленства атрымаў мянушку Федзя (паводле кінакамедыі «‎Операция “Ы” и другие приключения Шурика». Цікава тое, што прозвішча гэтага чалавека таксама мае другое наўменне з Полудня на Юрачкаў. Юрачкамі празвалі ад імені Юрась, якое меў прадзед. Вось і атрымліваецца, што чалавек па пашпарту Полудзень Мікалай, а па вясковаму Коля - Федзя Юрачкаў.

Князік – позняе і вельмі чаканае дзіця ў бацькоў, рос тоўстым, бацька хвастаўся сваім “князікам”. Цяпер мае сарака гадовы ўзрост, але ўсё князік.

Кубачак – чалавек, які любіў піць толькі з кубачка ці то піва, ці гарбату, казаў: “Налі кубачак”.

Кубусь, ён жа Кубэлак – у дзяцінстве любіў спяваць: “Куба, любоў мая”, ужо у старым узросце, а ўсё Кубусь.

Любачка – чалавек, які казаў: “Любачка мая”, звяртаючыся да суразмоўца, хто б ён не быў – жанчына, альбо мужчына, меў добры, мягкі характар.

Малінка – жанчына з чырвоным тварам, як маліна.

Марак, ён жа Матрос – служыў на флоце, носіць цяльняшку, адсюль і мянушка.

Парапіва – калісці ў Жытомлі была свая піўнушка, дзе прадавалася піва на разліў. Чалавек гэты заўжды заказваў пару піва, вось і атрымаў мянушку парапіва.

Прапаршчыца – маладая дзяўчына закахалася ў прапаршчыка, любоў прайшла, а мянушка засталася на ўсё жыццё, хоць і выходзіла замуж неаднаразова.

Пушкін – за кучаравыя і чорныя валасы, як у паэта.

Рахунак – з вайны прыйшоў без рукі і пачаў працаваць рахункаводам, за тое і атрымаў гэту мянушку.

Рыжы – за рыжы колер валос і канапушкі на твары.

Савелій – за знешняе падабенства з артыстам Савеліям Крамаравым, ці дакладней кажучы, з яго роллю ў кінафільме “Неуловимые мстители”.

Святы – чалавек атрымаў мянушку за тое, што служыў старастай пры царкве, а ў савецкі час гэта не адабралася.

Смятана – мае белы колер валос, амаль альбінос.

Сцяпук – мянушку атрымаў увесь род ад прапрапрадзеда Сцяпана.

Сэм – скарочана ад прозвішча Самойла.

Факір – любіць хітрыць, падманваць, лайдачыць, жыве за кошт іншых.

Філя – такі самы, як факір, філоншчык.

Хахол – жыў пэўны час на Украіне, говар мае мягкі.

Хлебароб – з маленства любіў ездзіць з бацькам на камбаіне падчас збору ўраджая.

Цыган – не столькі за знешняе падабенства, як за характар, хітраваты, працуе абы як і падманваць любіць.

Юрачак – гэту мянушку носіць увесь род ад імені прапрадзеда па імені Юрась.

Чаму адны людзі атрымліваюць мянушкі, што так моцна прыкіпаюць да чалавека, а другія за ўсё жыццё так і не маюць мянушкі?

Магчыма, адной з прычын з’яўляецца характар чалавека, яго знешнасць, недахопы, альбо наадварот, вельмі яркая знешнасць. Як бы тое не было, але мянушка – гэта існуючы антрапанім і яго вывучэнне – састаўная частка краязнаўства.