Гродзенскі раён створаны 15 студзеня 1940 года ў складзе Беластоцкай вобласці. 20 верасня 1944 г. раён увайшоў у склад Гродзенскай вобласці.
Гродзенскі раён з'яўляецца адным з буйнейшых адміністрацыйных адзінак у Гродзенскай вобласці, яго плошча – 2,6 тыс. км.кв. Раён аб'ядноўвае 360 населеных пунктаў, у яго складзе Скідзельскі гарадскі, Сапоцкінскі гарпасялковы і 12 сельскіх Саветаў.
Большая частка раёна знаходзіцца ў межах Нёманскай нізіны, на захадзе знаходзіцца Гродзенскае ўзвышша. Вышэйшая кропка - 247 м - каля в. Капцёўка. З карысных выкапняў ёсць торф, мел, сілікатныя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапелі.
Сярод прамысловых прадпрыемстваў Гродзенскага раёна асноўнае месца займаюць ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” і ААТ “Гроднахлебапрадукт”, працуюць прадпрыемствы па вытворчасці мясных і агароднінных кансерваў, масла, сыроў, мэблі, піламатэрыялаў.
На тэрыторыі раёна захаваліся шматлікія архітэктурныя помнікі: касцёлы ў вёсках Адэльск, Парэчча, Індура, Казловічы, Адамавічы, Галынка, Селіванаўцы, Гожа, Зарачанка, касцёл і 2 капліцы на могілках у г.п. Сапоцкін; царквы ў вёсках Жытомля, Лаша, Верцялішкі, Коматава, Галавачы, Індура, Азёры.
У паўднёва-ўсходняй частцы вёскі Коматава, на беразе ракі Нёман у 1844-46гг. пабудавана Праабражэнская царква. Адназрубная прамавугольная ў плане пабудова, накрытая двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай, мае не ўласцівыя драўлянай пабудове арачныя здвоеныя вокны - яўны ўплыў мураванага царкоўнага будаўніцтва. Імкненнем стварыць адчуванне мураванай пабудовы тлумачыцца і выкарыстанне ў дэкоры трохнефавага інтэр'ера манументальнага роспісу, зробленага алеем. Аднак сціплы выгляд храма з традыцыйнай чацверыковай званіцай наперадзе характэрызуюць помнік як твор народнага дойлідства.
Першае дакументальнае згадванне мястэчка Індура датуецца пачаткам XVI стагоддзя. У цэнтры вёскі на пагорку стаіць велічны касцёл Прасвятой Тройцы, які быў узведзены ў 1815 годзе, а ў 1904 годзе рэканструяваны і пашыраны архітэктарам У. Срокам. Храм вытрыманы ў стылі ампір. Сцены аздабляе дарычны антаблемент і пілястры. Інтэр'ер храма мае тры алтары, выкананыя ў стылі позняга класіцызму. Тут жа, у цэнтры вёскі, стаіць мураваная Свята-Александра-Неўская царква. Яна была пабудавана на ахвяраванні мясцовага памешчыка А.Казлоўскага ў 1881 годзе па праекту губернскага архітэктара І.Калянкевіча. Ім жа быў выкананы і праект іканастаса. Храм вытрыманы ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Адметнасцю яго з'яўляецца змешчанае на апсіде вялікае мастацкае пано на евангельскі сюжэт.
Тэрыторыя сучаснага Гродзенскага раёна мае яшчэ шэраг гістарычных і архітэктурных помнікаў, знаёмства з некаторым з іх чакае нас наперадзе.
На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі Адэльск узвышаецца касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Яшчэ. У 1680 годзе на месцы старога храма ўзводзіцца новая святыня, а недзе ў сярэдзіне XVIII стагоддзя яе змяняе касцёл, які захаваўся да нашага часу. Гэты драўляны храм у стылі барока з элементамі народнага дойлідства мае форму базілікі з невялікім купалам. Унутры - 5 драўляных разных алтароў, датуемых XVIII стагоддзем. Алтары ўпрыгожаны скульптурамі анёлаў, апосталаў, святых, а на хорах - аргна з аздабленнем у стылі барока. Напрыканцы XIX стагоддзя касцёл быў адрамантаваны і абкружаны бугавай агароджай з брамай. Тады ж была ўзведзена і мураваная званіца. Праз сто гадоў адбыўся чарговы капітальны рамонт помніка драўлянага дойлідства.
Яшчэ адзін помнік драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя захаваўся на ўскрайку вёскі Жытомля. Пабудаваная ў 1743 годзе Свята- Дабравешчанская царква часткова змяніла свой выгляд у XIX стагоддзі, калі была ашалявана і атрымала агульны двухсхільны дах. На званіцы быў надбудаваны характэрны для таго часу шацёр у выглядзе шматграннай піраміды з макаўкай. Галоўны ўваход у храм праз званіцу аформлены вельмі сціплым ганкам з дахам на двух слупах. Інтэр'ер, аздоблены калонамі і разным драўляным іканастасам, стварае адчуванне ўрачытасці.
А зараз накіруемся на радзіму выдатнай пісьменніцы Элізы Ажэшкі ў вёску Мількаўшчына. Яскравай адметнасцю гэтай вёскі можна лічыць тутэйшую Свята-Пакроўскую царкву, пабудаваную ў пачатку XX стагоддзя. Ініцыятарам яе будаўніцтва быў генерал-лейтэнант, удзельнік руска-турэцкай вайны, начальнік Санкт-Пецярбургскага ваеннага гарнізона К.А.Шырма. Узорам для абранага ім пректа царквы ў Мількаўшчыне стаў гарнізонны храм Санкт-Пецярбургу.
Мількаўшчынская Свята-Пакроўская царква і сёння пакідае незабыўнае ўражанне прыгажосцю яе стылю, які натхняўся рускай царкоўнай і церамной архітэктурай XVII стагоддзя. Цыбулепадобныя купалочкі, какошнікі фасада, рэдкай прыгажосці работы іканастас - усё гэта дазваляе далучыць храм да лепшых узораў праваслаўнай архітэктуры Беларусі пачатку XX ст. Надпіс на крыжы, які знаходзіцца ўнутры царкоўнага прастола, сведчыць аб тым, што царква была асвечана ў ліпені 1909 года епіскапам Гродзенскім і Брэсцкім Міхаілам. У 1914 годзе, калі ён пачыў у Бозе, згодна тэстаменту, яго пахавалі побач з алтарнай часткай храма.
На заходняй ускраіне вёскі Верцялішкі знаходзіцца храм святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага, які мае бутавую агароджу, якая пабудавана ў 1854 годзе. Помнік архітэктуры стылю ампір. Стылявую цэласнасць кампазіцыі парушае ўзведзеная пазней над фасадам драўляная 1-ярусная чацверыковая званіца, завершаная 8-гранным шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Плоскасныя сцены храма прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі прафіляванымі ліштвамі і сандрыкамі, акантаваны прафіляваным карнізам і цягай. Алтарная сцяна прарэзана па цэнтры арачным аконным праёмам і бакавым уваходам з рызніцы, якія вылучаюць з прасторы залы аспіду, адмежаваную драўляным іканастасам.
Нельга абмінуць увагай вёску Парэчча. Парэчча двойчы за сваю гісторыю быў нават раённым цэнтрам. Гісторыя Парэчча адыходзіць у глыбокую даўніну. У Парэччы быў пабудаваны першы ў Беларусі чыгуначны вакзал, будынак якога служыць па прызначэнню і цяпер.
Касцёл Прасвятой Дзевы Марыі Няспыннай Дапамогі быў пабудаваны ў 1904-1906 гадах з дрэва. З 1990 года дзейнічае. Помнік эклектычнай архітэктуры з элементамі неаготыкі. У галоўным алтары ў 1906 годзе змешчаны абраз “Маці Божая Няспыннай Дапамогі”.
Стары сельскі праваслаўны храм у вёсцы Парэчча згарэў у 1846 годзе. На будаўніцтва новага ў 1896-1897 гадах прыхажане вялі збор сродкаў, і ў 1901 годдзе была пабудавана драўляная царква Казанскай Маці Божай.
Тайнамі народнага драўлянага дойлідства падзеляцца Свята Праабражэнская царква (1844-1846гг.) у вёсцы Коматава, Свята-Мікалаеўская царква (1862г.) у вёсцы Лаша, касцёл Праабражэння Гасподняга (1899г.) у вёсцы Селіванаўцы.
На поўдні ад дарогі Гродна-Ліда, на тэрыторыі Скідзельскага парка, размяшчаецца мураваны з чырвонай цэглы касцёл Унебаўзяцця Божай Маці, які быў пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя князямі Чацвярцінскімі. Да 1939 года быў прадворным касцёлам сям'і Чацвярцінскіх.
Касцёл - помнік архітэктуры неагатычнага стылю. Касцёл аднаанефавы з трохбаковай алтарнай часткаю. Пад касцёлам знаходзіцца крыпта (склеп). З паўночнага боку пазней прыбудована чатырохбаковая рызніца (закрыстыя). Столь унутры - у форме зоркі. У касцёле знаходзяцца хоры на драўляных бэльках, размацаваныя раскосамі. Перад уваходам у касцёл размешчана тэраса з трынаццаццю ступенямі. Дах прэсбітэрыя і корпуса - двухскатны з ацынкаванай бляхі. Дзве цагляныя вежы ўпрыгожаны металічнымі крыжамі.
Пад час вайны касцёл быў зачынены. Пасля 1945 года ў будынку размяшчаўся ваенкамат. З 80-ых гадоў касцёл не дзейнічаў. У 1990 годзе за кошт прыхажан быў зроблены рамонт. Зараз касцёл дзйнічаючы.
У в. Свіслач на беразе ракі размешчаны помнік архітэктуры ў стылі мадэрн - сядзібны дом канца XIX ст.
У Свяцку захаваўся палацава-паркавы ансамбль: двухпавярховы палац у стылі ранняга класіцызму (1779).
Помнікам садова-паркавага мастацтва з'яўляецца парк на паўднёва-ўсходняй ускраіне г. Скідзеля, закладзены ў сярэдзіне XIX ст.
Унікальным помнікам гідратэхнічнага будаўніцтва з'яўляецца Аўгустоўскі канал (1824 – 1839).
Аздаравіцца і адпачыць запрашаюць шматлікія санаторыі, базы адпачынку і сядзібы Гродзеншчыны.