Выставы “Беларускі ручнік” і “Крылы ільяныя – ручнікі” аформлены ў Квасоўскай СБ

Выставы

“Беларускі ручнік” і “Крылы ільяныя – ручнікі”

аформлены ў Квасоўскай СБ

25 мая адзначаецца Дзень беларускага ручніка.

Ручнік – гэта, напэўна, адна з самых таямнічых рэчаў ва ўжытку нашых продкаў. Яго знакі-сімвалы так і не разгаданы да канца. Ручнік суправаджаў чалавека ад нараджэння да самай смерці, а майстэрства яго  вырабу перадавалася ад пакалення да пакалення. У кожным рэгіёне нашай краіны ручнікі былі розныя па колеры і малюнку.

Для таго, каб паказаць, у якіх абрадах нашы продкі выкарыстоўвалі ручнікі, бібліятэкар Квасоўскай СБ падрыхтавала выставы “Беларускі ручнік” і “Крылы ільяныя – ручнікі”. У хаце вяселле. Ручніком звязвалі рукі будучых мужа і жонкі, нібы злучалі іх моцна, на ўсё жыццё, ручнікі перавязвалі цераз плячо важнейшых удзельнікаў вяселля – сватоў, маладыя падчас вянчання стаялі на ручніку-падножніку. Ручнік быў абавязковым атрыбутам і падчас нараджэння дзіцяці, і на хрэсбінах, і на хаўтурах.

Сёння ручнік, на жаль, не з’яўляецца для нас такім сакральным прадметам, якім быў ён для нашых яшчэ недалёкіх продкаў. Але магічную сілу ручніка –  з даматкайнай тканіны, упрыгожанага вышыўкай – адчувае кожны, хто бярэ яго ў рукі. Яна і ў натуральнасці тканіны, і ў гарманічным спалучэнні чырвонага і белага, і ў таямнічасці простых на першы погляд узораў, і ў дабрыні і спакоі, якія перадаюцца ручніку ад працавітых, залатых рук майстра, якія яго стварае.

31.05.2021

 

No Comments Yet.

Leave a Reply