Якаўчык Клімент Марцінавіч

(7.11.1898, в. Дольная Свіслач Гродзенскага р-на – 1941), беларускі і рускі пісьменнік. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР (1934). З беднай сялянскай сям’і. Скончыў у роднай вёсцы 2-класную вучэльню. Падчас бежанства апынуўся ў Самары, дзе жылі браты. Тут скончыў настаўніцкую семінарыю. У 1925 скончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут у Маскве. Тут жыў. Сябра Беларускага студэнцкага зямляцтва. Актыўна ўдзельнічаў у літаратурным жыцці. Уваходзіў у літаб’яднанне “Кузніца”. У чэрвені 1941 уступіў у Маскоўскае апалчэнне. Загінуў на фронце. Друкаваўся ў маскоўскіх, ленінградскіх, мінскіх выданнях. Публікаваў вершы, літаратуразнаўчыя артыкулы, пераклады з беларускай мовы. Выйшлі ў Маскве і Ленінградзе ў 1929 – 35 у яго перакладах кнігі твораў Я. Коласа, З. Бядулі, П. Галавача, Я. Нёманскага.