Шыцік Вітольд Казіміравіч

(8.12.1934, в. Кульбакі Гродзенскага р-на – 20.05.1997), беларускі гісторык, педагог. Кандыдат гістарычных навук (1975). Дацэнт (1983). З сялянскай сям’і. Скончыў у Гродне СШ № 2 (1954). Служыў у войску (1954-57). Вучыўся ў тэхнічнай вучэльні № 7 г. Гродна (1957-58). Працаваў рабочым у гархарчгандлі, грузчыкам управы гандлю БВА ў Гродне (1959-60). У 1960-65 – студэнт рускага аддзялення гістарычна-філалагічнага факультэта Гродзенскага педінстытута. Настаўнічаў у Ваўкавыскай СШ № 5 (1965-66). Вучыўся ў аспірантуры на кафедры гісторыі КПСС Гродзенскага педінстытута, з 1990 – на кафедры палітычнай гісторыі, з 1991 – на кафедры польскай літаратуры і культуры (польскай філалогіі), дзе чытаў гісторыю Польшчы. Друкаваўся з 1969. Вывучаў сацыяльна-эканамічныя працэсы жыцця калгаснай вёсачкі Беларусі, пытанні гісторыі і культуры Польшчы.