Цыхун Генадзь Апанасавіч

(30.10.1936, в. Кунцаўшчына, Гродзенскага р-на), беларускі мовазнавец-славіст. Доктар філалагічных навук (1982). З сям’і інтэлігента, які працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі. Вучыўся ў аспірантуры на кафедры славянскай філалогіі Ленінградскага універсітэта (1959-61). Працягваў вучобу як аспірант-стажор у Сафійскім універсітэце (Балгарыя) у 1961-63. З 1963 – зноў у інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі (у 1975-76 – стажор-даследчык у Варшаўскім і Кракаўскім універсітэтах). З 1990 – загадчык аддзела славянскіга і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства. Даследуе тыпалогію славянскіх моваў і іх сувязі, гісторыю мовазнаўчай славістыкі, праблемы праславянскай мовы беларускую этымалогію, беларускія дыялекты. Выдаў манаграфіі “Сінтаксіс займеннікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах: Балканаславянская мадэль” (1968), “Тыпалогія сінтаксічных адрозненняў у балкана-славянскім арэале” (1978), “Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала” (1981), “Славянскія мовы ў святле экалінгвістыкі” (1998). Аўтар даследаванняў, з якімі выступаў на кангрэсах славістаў: “Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа” (1968), “Паўднёваславянска-ўсходнеславянскія моўныя сувязі: Да праблемы славянскага ўкладу ў балканскі моўны саюз” (1983), “Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання” (1988), “Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных моў” (1993). Сааўтар “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы”. Т. 1-8 (1978-93), “Тураўскага слоўніка”. Т. 1-5 (1982-87). Сябра Міжнароднага камітэта славістаў і міжнародных камісій гэтага камітэта (па бібліаграфіі мовазнаўчай славістыкі па славянскай лексікаграфіі і этымалогіі, па балканскім мовазнаўстве). Вучоны сакратар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (1991), віцэ-прэзідэнт гэтай асацыяцыі (1995). Старшыня тэрміналагічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Беларусі (1995). Старшыня правапіснай камісіі Таварыства беларускай мовы (1990).

Бібліяграфія

  1. Генадзю Цыхуну : [(нар. 1936, в. Кунцаўшчына Гродзен. р-на)] - 75 // Наша слова. - 2011. - 9 лістап.. - C.1.
  2. Антропаў, М. Генадзь Цыхун [(нар. у 1936 г., в.Кунцаўшчына Гродзен. р-на)] : нарыс жыцця і навуковай дзейнасці / Мікалай Антропаў, Сяргей Запрудскі // Цыхун, Г. А. Прастора мовы. Моўныя сувязі. Гісторыя слоў : выбр. пр. / Генадзь Цыхун. - Мінск, 2018. — С. 8—17.
  3. Запрудскі, С.М. Генадзь Апанасавіч Цыхун / С.М. Запрудскі ; фота // Беларуская лінгвістыка / НАН Беларусі. - Мінск, 2011. — Вып. 67. — С. 174 - 178.
  4. Любецкая, К. П. Генадзь Апанасавіч Цыхун [(нар. у 1936 г., в.Кунцаўшчына Гродзен. р-на)] / К. П. Любецкая // Беларуская лінгвістыка / НАН Беларусі. - Мінск, 2016. — Вып. 77. — С. 113 - 118.
  5. Супрунчук, М. Гонар айчыннай славістыкі / Мікіта Супрунчук ; фота // Роднае слова. - 2016. — № 10. — С. 27 - 28.
  6. Генадзь Апанасавіч Цыхун // Википедии свободной энциклопедии [Электронный ресурс]. - 2018. – Режим доступа: https://be.wikipedia.org/wiki/Генадзь_Апанасавіч_Цыхун – Дата доступа: 04.07.2019.