Цыхун Апанас Пятровіч

(5.05.1910, в. Кунцаўшчына Гродзенскага р-на), беларускі педагог, краязнавец, пісьменнік. Заслужаны настаўнік Беларусі (1967). З сялянскай сям’і. Пачатковае навучанне – у в. Лаша Гродзенскага р-на, 7-годку скончыў у мяст. Індура Гродзенскага р-на (1923). Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Гродне, з 4-га курса прызваны ў войска. Служыў у войску ў 1930-32. Займаўся гаспадаркай на вёсцы. У 1937 пераехаў з сям’ёй у Гродна. У ліпені 1939 зноў прызваны ў войска. Удзельнічаў у баях з войскам Германіі пад Варшавай, трапіў у палон. Неўзабаве вырваўся, вярнуўся дадому. Настаўнічаў у Лашанскай 7-годцы (1939-41). Узяты саветамі на вайсковыя зборы, служыў на Беласточчыне, дзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць нямецкіх войск у чэрвені 1941. У выніку адступлення Чырвонай Арміі вырнуўся ў родныя мясціны. Жыў пераважна на вёсцы (Агароднікі Гродзенскага р-на), працаваў на гаспадарцы, вечарамі вучыў дзяцей. У 1944-45 – завуч Лашанскай 7-годкі. Быў дырэктарам 7-годкі ў вёсцы Капцёўка Гродзенскага р-на (1945-46), настаўнікам польскай СШ № 2 г. Гродна (1946-48), загадчыкам пачатковай школы ў в. Каўбасіна Гродзенскага р-на (1948-49). У 1949-68 – інспектар Гродзенскага РайАНА. У 1950 завочна скончыў літфак Гродзенскага педінстітута, выкладаў беларускую мову і літаратуру. У 1968-70 быў дырэктарам Батароўскай 8-годкі (Гродзенскі р-н). Кіраваў Гродзенскім раённым літаб’яднаннем у 1950-70. Стваральнік 1964 мемарыяльнага музея Я.Ф. Карскага ў в. Лаша (дзейнічаў да 1997). Як краязнавец вывучаў Гродзенскі р-н – збіраў народныя гаворкі, фальклор, этнаграфічныя матэрыялы, звесткі пра вядомых людзей рэгіёну, пра яго гістарычнае мінулае. Друкуе вершы, апавяданні, нарысы, краязнаўчыя артыкулы і даследаванні. Выдаў кнігі “Акадэмік з вёскі Лаша Я.Ф. Карскі” (Гродна, 1992), “Скарбы народнай мовы” (Гродна, 1993), “Легенды і былі Гродзеншчыны” (Гродна, 1995).

Бібліяграфія

  1. Баламут, В. Споведзь Апанаса Пятровiча : [Цыхуна] ; Фота // Нар. воля. - 2001. - 21 чэрв.. - C.3.
  2. Апанас Цыхун : [(1910, в.Кунцаўшчына Гродзенскага раёна -- 2005, г.Гродна)] не дажыў да свайго юбiлею два месяцы / Фота // Веч. Гродно. - 2005. - 16 марта. - C.11.
  3. Барысаў, I. Час iдзе -- жыццё працягваецца : Да 90-годдзя А.П.Цыхуна, гродзен. пiсьменнiка, краязнаўца, заслуж. настаўнiка РБ // Культура. - 2000. - 19-25 жн.. - C. 12.
  4. Апанас Цыхун // Википедии свободной энциклопедии [Электронный ресурс]. - 2017. – Режим доступа: https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/Апанас_Цыхун – Дата доступа: 04.07.2019.