Сідарчук Ганна Серафімаўна

(4.11.1939, в. Коматава Гродзенскага р-на), беларускі педагог-метадыст. Кандыдат педагагічных навук (1975). Дацэнт (1979). З сям’і настаўніка. Скончыла 5 кл. у роднай вёсцы. У сувязі з пераводам бацькі на працу ў Гродна працягвала тут вучобу ў СШ №7, скончыла СШ № 3 (1956). Вучылася на фізічна-матэматычным факультэце Гродзенскага педінстытута (1956-61). Працавала ў гэтым інстытуце лабарантам, ст. лабарантам, асістэнтам кафедры геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі (1961-71). У 1971-74 – аспірантка гэтай кафедры. Затым тут выкладала (была загадчыцай кафедры ў 1982-86). З 1986 працавала на кафедры педагогікі і методыкі пачатковага навучання. З 1987 загадвае кафедрай матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі ў пачатковай школе Гродзенскага універсітэта. Даследуе гісторыю школьнай матэматычнай адукацыі ў Беларусі, творчую дзейнасць настаўнікаў у галіне методыкі выкладання матэматыкі ў пачатковай і сярэдняй школе, праблемы падрыхтоўкі настаўнікаў матэматыкі. Аўтар шматлікіх публікацый (з 1971) на гэтыя тэмы ў навуковых выданнях Беларусі, Расіі, Літвы.