Скрамблевіч Баляслаў Антонавіч

(2.12.1945, мяст. Адэльск Гродзенскага р-на), беларускі мастак. Сябра Беларускага Саюза мастакоў (1987). Брат М. Скрамблевіча. З сялянскай сям’і. Скончыў СШ у Адэльску. Працаваў у Гродне. У 1969-74 вучыўся ў Мінскай мастацкай вучэльні, у 1974-79 – на факультэце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (аддзяленне мастацкага металу) Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1979 працуе ў Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце. Выконвае дэкаратыўныя кампазіцыі з металу з уключэннем шкла, каваныя брамы, краты, падсвечнікі, шрыфтавыя тэксты назваў станцый метро, установаў, інтэр’еры, дробную пластыку. Сярод твораў: інтэр’еры станцыі метро “Трактарны завод”, гасцініцы “Беларусь”, Рэспубліканскага дому шлюбаў, рэзідэнцыі ўрада РБ, рытуальнай залы Дома афіцэраў у Мінску і інш. У выставах ўдзельнічае з 1978 (у Беларусі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Расіі). Выстаўляліся творы дэкаратыўнай пластыкі “Ландыш”, “Ранак, поўдзень, вечар”, “Хай заўсёды будзе сонца”, “Вясновы промень”, “Нараджэнне новай формы”, “Лік” і інш. Аўтар шматлікіх публікацый на тэмы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.