Пільнік Яніна Рыгораўна

(дзявоч. Можджар, 3.05.1961, в. Путрышкі Гродзенскага р-на), беларускі дызайнер. Сябра Беларускага Саюза дызайнераў (1994). З сялянскай сям’і. У роднай вёсцы скончыла СШ (1978). Вучылася на 1-гадовых курсах пры аддзяленні Саюза мастакоў у Гродне (1978-79). Скончыла Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці (1984). Працавала мастаком-мадэльерам у эксперыментальнай лабараторыі гродзенскага швейнага аб’яднання “Сілуэт” (1984-92), у трыкатажным аб’яднанні “Вясёлка ў Гродне” (1992-96). З 1996 – галоўны мастак-мадэльер ААА “Фанг”. Займаецца мадэляваннем аддзення. У выставах – з 1985. Пераможца 1-га рэспубліканскага конкурсу мастакоў-мадэльераў (1989). Сярод работ: серыя вышывак святочнага аддзення для моладзі (1985), “Белая казка” – адзенне з льнянога палатна для выставы тэкстыльнай прадукцыі краін – сяброў СЭУ (1987), “Гуляць, дык гуляць” – калекцыя адзення для адпачынку з тканін беларускіх вытворцаў (1986), калекцыя штучных кветак, кампазіцый і іншых дадаткаў да касцюма (1987), “Строгая лінія” – серыя ўзораў верхняга жаночага і мужчынскага асартыменту для абласнога, затым Рэспубліканскага конкурсаў закройшчыкаў (1987), “Таямніца” – калекцыя галаўных убораў, у тым ліку капелюшоў (1987), “Змярканне” – калекцыя вячэрняга адзення (1989), “Сутрэчы на Адрыятыцы” – калекцыя для конкурсу з уключэннем творчых прац: пано “Любая Гародня” і “Кола часу”, серыя графічных лістоў “Мілыя цені” (1989), “Рытм ламбады” – калекцыя адзення для адпачынку (1990), серыя жакардавых вырабаў штодзённага асартыменту для жанчын (1993), серыя штодзеннага жаночага адзення з выкарыстаннем розных тэхнік вышывання для індывідуальных заказаў (1993), серыя вырабаў святочнага асартыменту для моладзі, выкананых з трыкатажных палотнаў з выкарыстаннем розных спосабаў аздобы (1994), калекцыя ўзораў трыкатажнх мадэляў для масавага выпуску (1996).