Парэчча ў часы 2-ой сусветнай вайны


Парэчча ў часы 2-ой сусветнай вайны

У канцы 30-х гадоў над Еўропай павісла пагроза ўзнікнення другой сусветнай вайны. Яна зыходзіла ад гітлераўскай Германіі. Англія і Францыя імкнуліся накіраваць гітлераўскую агрэсію на ўсход. У гэтых умовах СССР заключыў з Германіяй дагавор аб ненападзенні, які быў падпісаны 23 жніўня 1939 года ў Маскве В.Молатавым і І.Рыбентропам. Дагавор даў Савецкаму Саюзу некаторую перавагу ў часе для ўмацавання абароназдольнасці краіны, склаў знешнепалітычныя ўмовы для ўз’яднання заходняй Беларусі з Беларускай савецкай рэспублікай. Але дадатковы сакрэтны пратакол да яго аб раздзеле сфер уплыву прадугледжваў ліквідацыю польскай дзяржавы. Гэта развязала рукі Германіі, і яна 1 верасня 1939 года напала на Польшчу, пачаўшы другую сусветную вайну.

З набліжэннем нямецка-фашысцкіх войск да тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны над імі навісла пагроза рабства.

Раніцай 17 верасня 1939 года злучэнні Чырвонай Арміі пачалі паход у Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну.

Да 25 верасня тэрыторыя Заходняй Беларусі была поўнасцю вызвалена. Па меры вызвалення Заходняй Беларусі ў ваяводскіх і павятовых цэнтрах ствараліся часовыя ўпраўленні, у вёсках і мястэчках  - сялянскія камітэты.

У сялянскія камітэты выбіраліся на агульных адкрытых сходах галасаваннем батракі, беднякі і сярэднякі. Колькасць членаў камітэта была ад 3 да 18 чалавек. Камітэты рэгістраваліся ў Часовых упраўленнях паветаў. Іх дзейнасць заключалася ва ўліку маёмасці  памешчыкаў, збегшых асаднікаў, ахове яе ад  разбазарвання, арганізацыйным раздзеле жывёлы, зямлі, сельскагаспадарчага інвентару.

На тэрыторыі Парэчча доўгі час стаялі войскі Чырвонай Арміі. А новая часовая мясцовая ўлада была створана ў асноўным з прыезджых камуністаў і прадстаўнікоў Чырвонай Арміі.

Часовыя сялянскія камітэты наладжвалі забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання і прадметамі першай неабходнасці, рэгулявалі цэны, вялі барацьбу са спекуляцыяй.

У Парэччы, дзе была вялікая колькасць гандляроў, у асноўным польскага і яўрэйскага паходжання, якія мелі свае лаўкі, магазіны, вельмі балюча праходзіў гэты працэс. Частымі  былі выпадкі грабяжоў, пагромаў яўрэйскіх лавак, што апраўдвалася барацьбой са спекулянтамі.

Адной з найважнейшых задач сялянскіх камітэтаў было вырашэнне  аграрнага пытання. Так, у Парэччы і навакольных вёсках прайшло пераразмеркаванне зямель. Цяпер сяляне замест абрэзкаў атрымлівалі цэлыя кускі зямлі. Пакуль аб стварэнні калгасаў не думалі.

Часовыя органы зрабілі многа так сама і ў галіне народнай адукацыі і аховы здароўя. У Парэччы ў 7-гадовай школе, выкладанне ў якой вялося на польскай мове, пачалі выкладаць беларускую і рускую мовы. Была адкрыта амбулаторыя.

Такім чынам, ужо ў верасні - кастрычніку 1939 года ў Парэччы былі праведзены глыбокія рэвалюцыйна-дэмакратычныя пераўтварэнні.

Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднання з БССР на яе тэрыторыі было ўведзена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне: утвораны вобласці, раёны, а ў лютым – сакавіку 1940 года – сельскія саветы.

У працэсе раўнавання заходніх абласцей Беларусі 15 студзеня 1940 года быў утвораны Парэцкі раён у складзе Беластоцкай вобласці. У склад раёна ўвайшлі: гарадскі пасёлак Друскенікі, воласці – Марцынканцаўская, Парэцкая, Берштаўская і частка Гожскай Гродзенскага ўезда.

Тэрыторыя раёна саставіла 1405 кв.км. з насельніцтвам 21500 чалавек. Раён на працягу каля 70 км межаваў з Літвой. Максімальная адлегласць паміж межамі раёна: з поўначы на поўдзень 43 км, з захада на ўсход 40 км. Цэнтр раёна – сяло Парэчча размешчаны каля станцыі чыгункі Вільна-Гродна-Беласток, у 120 км ад Беластока. Максімальная аддаленасць населеных пунктаў ад раённага цэнтра – 33 км.

У Парэччы пражывала 1600 чалавек, дамоў было каля 300. Асвятлялася сяло перасоўнай электрастанцыяй. Тут быў невялікі клуб, 7-гадовая школа, амбулаторыя, 2 лазні, пошта і тэлеграф. Акрамя таго, чыгуначная ветка злучала Парэчча з курортам Друскенікі, размешчаным на правым беразе Нёмана на мяжы з Літвой. Вузкакалейная чыгунка звязвала Марцынканцы з Агародзішчамі. Па тэрыторыі раёна праходзілі шасэйныя дарогі Гродна-Стражніцы (уздоўж дзяржаўнай граніцы з Літвой) і Парэчча-Друскенікі.

У раёне мелася 38 пачатковых школ, 4 амбулаторыі, 2 бальніцы (у Друскеніках і Марцынканцах).

У Парэцкім раёне былі ўтвораны адзін Друскеніцкі пасялковы савет і 10 сельскіх саветаў: Плябанішкаўскі, Прывалкаўскі, Друскеніцкі, Машчніцкі, Ліхачоўскі, Парэцкі, Навагрудскі, Берштаўскі, Шгелярскі, Марцынкоснаўск.

Усяго Парэцкі раён аб’ядноўваў 107 населеных пунктаў.

Адразу пачалі стварацца ў Парэччы раённыя органы дзяржаўнай і партыйнай улады: райвыканкам (старшыня Говар), раённы камітэт КПБ(б) (сакратар Царанкоў), суд (суддзя – Лаўроў, пракурор Трусаў), раённы камітэт ЛПСМБ (сакратар – Буглаў, тэксакратар – Васіль Ільін, жыхар Парэчча).

З 12 кастрычніка 1940 года Парэчча стала і цэнтрам сельсавета, які аб’ядноўваў 13 населеных пунктаў з агульнай колькасцю насельніцтва 3132 чалавека. 25 лістапада Парэцкі раён быў скасаваны ў сувязі з перадачай часткі раёна з пераважна літоўскім насельніцтвам у Літоўскую СССР. 4 сельскія саветы (Ліхачэўскі, Плябанішкаўскі, Парэцкі, Прывалкаўскі) перададзены ў Гродзенскі і 2 (Берштаўскі, Навагрудскі) сельсаветы ў Скідзельскі раён).

Створаныя партыйныя і савецкія органы працягвалі ажыццяўляць карэнныя пераўтварэнні, пачатыя яшчэ органамі народнай улады. Нацыяналізаваліся не толькі буйныя, але і дробныя прадпрыемствы. У мястэчку Парэчча прыватныя лаўкі, магазіны – былі зачынены. Адчыняліся дзяржаўныя магазіны, што адмоўна адбівалася на абслугоўванні насельніцтва.

Пераход да калектывізацыі, перадача лепшых зямель калгасам і саўгасам вызвала незадаволенасць часткі сялян, асабліва заможных.

Там, дзе насельніцтва пачынала аказваць супраціўленне, органамі АКУС было праведзена высяленне ва ўсходнія раёны краіны (Сібір, Казахстан і іншыя).

У Парэччы дэпартацыі падвяргалася значная частка заможных сялян, якія жылі ў асноўным на хутарах, а таксама ўладальнікаў прыватных лавак, магазінаў, складоў.

Старажылы расказваюць, што ў тую суровую зіму 1939-1940 года была вялікая дэпартацыя. Высялялі сем’ямі. Людзей заганялі ў таварныя вагоны, на вокнах якіх былі рашоткі. Стаяў плач, слёзы.

Летам 1940 года была такая ж дэпартацыя. Спіскі на высяленне былі падрыхтаваны загадзя. Многія вёскі абязлюдзілі.

У адных усе гэта вызывала страх, недавер да савецкай улады, другія з надзеяй чакалі перамен да лепшага жыцця, іншыя з пачуццем глыбокай самаадданасці і патрыятызму ўзяліся за будаўніцтва новага грамадства.

У эканоміцы Беларусі хуткімі тэмпамі развівалася прамысловасць. Яе рост патрабаваў пастаяннага папаўнення рабочага класа. Асноўнай крыніцай яго папаўнення былі выхадцы з вёскі. Але іх прафесійная падрыхтоўка была вельмі нізкай. У 1940 годзе кваліфікаваныя рабочыя складаных прафесій састаўлялі 1/5 частку ад агульнай колькасці прамысловых рабочых. Тады і былі прыняты меры па арганізаванай падрыхтоўцы новых рабочых. У адпаведнасці з пастанаўленнем СНК СССР ад 2 кастрычніка 1940 года “О создании Главного управления трудовых резервов при Совнаркоме СССР” ствараліся школы ФЗН (фабрычна-завадскога навучання), рамесныя і чыгуначныя вучылішчы, якія ў планавым парадку размяркоўваліся па галінам народнай гаспадаркі. Усе навучэнцы, незалежна ад выгляда набору, лічыліся мабілізаванымі. Яны не маглі самавольна пакінуць школу ці вучылішча, і па заканчэнню вучобы абавязаны былі адпрацаваць чатыры гады на дзяржаўным прадпрыемстве.

Так, у Парэччы была створана школа ФЗН, у якой вучыліся будучыя ўдзельнікі Скідзельскага камсамольскага падполля.

У час, калі ўжо ўся Еўропа стагнала ад наступстваў другой сусветнай вайны, у Парэччы наладжвалася мірнае жыццё. Але нечакана яно было парушана вайной.

Ужо 22 чэрвеня 1941 фашысты захапілі Парэчча. Зразумела, што першыя рэпрэсіі былі накіраваны супраць  партыйных, савецкіх, камсамольскіх работнікаў, а таксама яўрэяў. У першыя дні былі расстраляны старшыня Парэцкага сельсавета Р.А.Барысевіч, суддзя Лаўроў, пракурор Трусаў, настаўнік Андрэй Міранюк.

Тым не менш, у Парэччы разгарнула дзейнасць падпольнай камсамольскай ячэйкі на чале з Ільгіным В.М. Але хутка і яны (Ільін В.М., Фірыновіч І. Самойлік М.І. і іншыя) былі схоплены і расстраляны. Сярод жыхароў Парэчча была вялікая колькасць яўрэяў. Лёс іх аказаўся трагічным: іх сагналі ў гета (у раёне сучаснай вуліцы Пяскі) і 5 лютага 1943 года было знішчана 234 чалавека. Бераг возера Малочнае стаў  месцам масавых расстрэлаў. Больш за 100 чалавек былі сілаю пагнаны ў Германію. Фашысты амаль поўнасцю разграмілі населены пункт. Будынак новай школы, якая толькі пачала будавацца, быў разабраны на будаўніцтва турмы, будынак клуба – на будаўніцтва дзотаў. Да сённяшняга часу ў цэнтры вёскі (зараз вуліца Палякова) захаваўся дом, у якім размяшчалася нямецкая камендатура. Гітлераўцы жорстка распраўляліся з людзьмі. Тут быў створаны гарнізон, у якім налічвалася каля 50 гітлераўцаў.

Трагічна склаўся лёс вёскі Запур’е, што знаходзіцца недалёка ад Парэчча.

Тую памятную суботу, 18 верасня 1943г., жыхары в.Запур’е запомнілі на ўсе  жыццё. 48 чалавек, сярод якіх былі старыя і дзеці, расстралялі фашысты.

Недалёка ад Запур’я – у в.Чарнуха – было лясніцтва. Ляснічым быў немец па прозвішчу  Фолькер, людзі звалі яго “мордобитель”. За здзекі над людзьмі яго застрэлілі народныя мсціўцы. Жонка ляснічага хадатайнічала перад самім Гітлерам аб помсце – патрабавала расстраляць 50 палякаў і літоўцаў. Яе просьбу выканалі. Знішчэнню належала 50 чалавек, якія насілі прозвішчы Бура і Цэрабей.

Раніцай паліцаі выгналі ўсіх на вуліцу. Жыхароў з прозвішчамі Бура і Цэрабей строілі ў адзін бок, іншых – у другі. Выбралі некалькі мужчын і заставілі капаць яму. Затым усім загадалі легчы. Пачуліся стрэлы. Дзяцей не стралялі – кідалі жывымі. Станалі цяжка параненыя, плакалі дзеці. Фашысты кінулі дзве гранаты, усе сціхла.

Да пяцідзесяці чалавек не хапала яшчэ некалькіх. Хтосьці падказаў фашыстам, што ў лесе жыве ляснік, таксама па прозвішчу Цэрабей, а ў яго 2 дачкі. Туды паслалі некалькі паліцаяў. Дачок дома не аказалася. Паліцаі загадалі лесніку іх знайсці, сказалі, што яны патрэбны для ўліку. Ляснік прывёў дачок. Іх таксама расстралялі.

Былі 2 смельчака, што хацелі ўцячы, але іх скасілі кулі паліцаяў, што былі ў засадзе.

Людзей закапвалі яшчэ жывымі. У студні, што была ў 10 кроках ад магілы, вада стала мутнай ад крыві.

На месцы трагедыі ўстаноўлены абеліск, які нагадвае аб нявінных ахвярах фашызму.

І яшчэ адна старонка ў гісторыі Парэцкай зямлі. Гэта вёска Бабіна. З успамінаў жыхароў в.Бабіна Даніловіч Г.К. і Хоха І.А.: “Да вайны ў вёсцы было 12 двароў і 109 жыхароў. Калі пачалася вайна, паблізу быў створаны партызанскі атрад. 11 студзеня 1943г прыехалі карацелі. Усяго расстралялі 11 чалавек. Некалькі чалавек у гэты дзень былі арыштаваны і зняволены ў турму ў г.Гродна,  далейшы іх лёс невядомы.

Ішоў чацвёрты год вайны. Савецкія войскі набліжаліся да Гродна. Блізілася вызваленне.

Першай вёскай Гродзенскага раёна, у якую прыйшло вызваленне, было Парэчча. Яно было вызвалена войскамі 3-га гвардзейскага Гродзенскага кавалерыйскага корпуса, якім камандаваў генерал-лейтэнант М.С.Аслікоўскі. Корпус уваходзіў у склад 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала Чарняхоўскага. Па яго загаду 3-ці корпус атрымаў для наступлення Лідскі накірунак з задачай авалодаць г.Лідай, населенымі пунктамі Васілішкі, Новы Двор, Астрыно.

8 ліпеня быў вызвалены г.Ліда і савецкія войскі пачалі вызваляць тэрыторыі, якія ўваходзілі ў трохвугольнік населеных пунктаў Васілішкі – новы Двор – Астрыно. Гэта была нялёгкая задача, так як немцы тут мелі моцную абарону, а нашы войскі не мелі дастаткова танкаў і самаходных установак. Але задача была выканана ўжо к вечару 11 ліпеня 1944г. У гэты ж дзень быў атрыманы загад камандуючага 3-ім Беларускім фронтам: імкліва наступаць у накірунку Гродна з мэтай авалодання горадам і захопу пераправы на беразе Нёмана.

Разведка данесла, што на подступах да Гродна нямецкае камандаванне канцэнтруе свае войскі і ўмацоўвае іх на развітай сетцы шасэйных і чыгуначных дарог.

Таму наступаць на Гродна па адкрытай мясцовасці, выкарыстоўваючы добрыя дарогі, было немэтазгодна. Менавіта там і чакаў вораг дзеянняў савецкіх войск. Таму генерал Аслікоўскі вырашыў наступаць на Гродна праз лясіста - балоцістаю мясцовасць, прымыкаючую да Гродна з паўночнага ўсхода, дзе знаходзіліся такія населеныя пункты як Азёры, Парэчча, Рыбніца, Гожа. Наступленне пачалося 12 ліпеня раніцай і паказала правільнасць выбара накірунку галоўнага ўдару. Буйных сіл праціўніка на шляху не было. Але рухацца нашым войскам па бездарожжу было вельмі цяжка. Дапамогу наступаючым войскам аказвалі партызаны генерала Капусты. І войскі ўпэўнена ішлі наперад.

Шлях да горада перасякала чыгунка Гродна-Вільна. На вузлавой станцыі Парэчча было сканцэнтравана многа варожых сіл, немцы рыхтаваліся абараняць яе доўга і настойліва.

Тут было сканцэнтравана 2 батальёны пяхоты з артылерыяй  і мінамётамі. На чыгуначных шляхах стаялі гатовыя да адпраўкі эшалоны з гаручым, боепрыпасамі, танкамі, артылерыяй. У гэты момант на станцыю імкліва ўварваўся перадавы атрад 6-ой гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі (камандзір – генерал - маёр П.П.Брыкель), 25-ы артылерыйскі полк падпалкоўніка Ляліна і 198 галоўны атрад танкавага полка падпалкоўніка Карпенка з трафейнымі трыма “Тыграмі” і дзвюма “Пантэрамі”. Танкісты ўварваліся з паўднёвага ўсходу, а з паўночнага ўсходу станцыю захапілі кавалерысты. Немцы зусім не чакалі з’яўлення савецкіх войск, многія з іх загаралі, купаліся ў возеры Малочным і аказаць належнага супраціўлення не змаглі. Парэчча  было ачышчана ад праціўніка  маланкавым ударам.

У нашых руках апынулася многа трафеяў. Самым галоўным было для нашых войск гаручае. Першымі тут аказаліся эскадроны старшага лейтэнанта Неўмоева і  танкі лейтэнанта Фірсава. Абодвум камандзірам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Вызваленне 13 ліпеня 1944г. Парэчча адкрывала шлях на Гродна з поўначы, гэта значыць адтуль, дзе менш за ўсё чакаў праціўнік. Войска 3-га кавалерыйскага корпуса, мінуючы лясныя гушчары імкліва рухаліся да Гродна і 14 ліпеня авалодалі горадам, выканаўшы сумесна з іншымі войскамі задачу, пастаўленую камандаваннем.

Падрабязную карціну вызвалення Парэчча і падзей, якія адбываліся тут у апошнія дні акупацыі вельмі падрабязна малюе М.Гутнічэнка, удзельнік вызвалення Парэчча, гвардыі старшыня, камсорг дывізіёна 3 эскадрона асобага знішчальнага супрацьтанкавага дывізіёна 3 кавалерыйскага ордэна Леніна Чырванасцяжнага корпуса:

“Шлях да Гродна перасякала чыгунка Гродна-Вільна з важнай станцыяй Парэчча. На станцыі знаходзіліся гатовыя да адпраўкі эшалоны праціўніка з гаручым, танкамі, артылерыяй. Станцыя Парэчча ахоўвалася двума батальёнамі пяхоты, артылерыяй і мінамётамі праціўніка.

Наш дывізіён сумесна з 28 гвардзейскім кавпалком і 193 танкавым палком у гвардзейскай кавдывізіі пад’ехалі да самай станцыі Парэчча.

У гэты час на возеры, паблізу ад станцыі, фашысты штосьці рабілі на лодках, не думаючы, што ў ста метрах ад іх у кустах бэзу сядзелі савецкія воіны, трымаючы нагатове сваю зброю. Нашы танкісты захапілі пад Маладзечна нямецкі танк “Пантэра”. Пяць савецкіх танкаў Т-34 падышлі шчыльна да станцыі і замаскіраваліся ў кустах, а “Пантэру” высунулі наперад на адкрытае месца. Пачуўшы гул танкаў гітлераўцы занепакоіліся. Якім было із здзіўленне, калі наш афіцэр - танкіст Фірсаў з фашысцкага танка пачаў расстрэльваць фашысцкіх катоў. За гэты подзвіг Фірсаў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Танкі ворага, якія знаходзіліся на платформах, былі падбіты нашай артылерыяй і танкамі, а іх экіпаж пачаў уцякаць у хмызнякі, але іх насцігалі савецкія кулі і снарады. У выніку маланкавага ўдару станцыя Парэчча была вызвалена ад праціўніка. Былі захоплены вялікія трафеі: танкі, гаручае, аўтамашыны, абмундзіраванне і харчаванне. Шлях на Гродна з поўначы быў адкрыты.

У гэтым баі  загінулі смерцю храбрых лейтэнант Мікалай Арцёменка і наш камандзір дывізіёна гвардыі маёр Міхаіл Андрэевіч Гуляеў. Мы ўсе пакляліся адпомсціць за смерць Арцёменка і Гуляева.

Нашы войскі працягвалі наступленне. Пераадолеўшы агнявы шквал, выйшлі на рубеж вёскі Кульбакі фронтам на поўдзень, і ў 13.00 15 ліпеня раптоўнай атакай коннагвардзейцы авалодалі моцным апорным пунктам абароны праціўніка на цагляных заводах. Праціўнік стараўся стрымаць наш націск.

З абеду да вечара конныя гвардзейцы вытрымалі восем атак, але раён цагляных заводаў утрымалі.

За баі за Парэчча і цагляныя заводы многія воіны былі прадстаўлены да ўрадавых узнагарод.

15 ліпеня нашы коннагвардзейцы прарваліся праз другую лінію абароны праціўніка на паўночнай мяжы горада Гродна і завязалі вулічныя баі. У 24.00 выйшлі да мастоў, чым увялі ў паніку праціўніка. Вораг пачаў паспяхова адыходзіць на паўднёвы бераг ракі. Услед за намі выйшлі воіны 174 і 352 стралковых дывізій і да світання 16 ліпеня 1944 года завяршылі ачыстку горада ад нямецкага гарнізона. Рэштка ворагаў уцякла за Нёман, узарваўшы за сабой мост.

Позна ўвечары быў аб’яўлены па радыё загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага аб прысваенні назваў часцям, вызваліўшым Гродна – “Гродзенскія”. А Масква нам салютавала дваццаццю артылерыйскімі залпамі з 300 гармат.

Паблізу чыгуначнай станцыі Парэчча 15 ліпеня 1944 пасля паўдня асобны гвардзейскі супрацьтанкавы знішчальны дывізіён хаваў свайго камандзіра гвардыі маёра Міхаіла Андрэевіча Гуляева. Гроб  з целам нябожчыка камандзіра стаяў на ўскраіне лесу на скрынях з-пад снарадаў. У лесе было многа байцоў і камандзіраў. Яны прыйшлі сюды нават з перадавой, каб развітацца з баявым таварышам. Заіграў палкавы аркестр. Урачыстыя гукі траўрнага марша паплылі над лесам і возерам. Гроб знялі з яшчыкаў, і камандзіра марудна панеслі на руках яго таварышы па зброі.

Рукі сяброў пяшчотна апусцілі на зямлю просты гроб, абкладзены вянкамі з жывых кветак. Пасля траўрных прамоў і клятвы таварышаў закрылася вечка труны. Хвіліна маўчання. Каманда: “Па ворагам Радзімы – агонь!” Прагрымеў развітальны салют. І зноў: “Залпам па ворагу – агонь!” – прамовіў капітан Палякоў. Пяць разоў прагрымелі гарматы і пяць разоў снарады паляцелі ў стан ворага, на галовы котаў.

У час вызваленчых баёў на тэрыторыі Парэцкага сельскага савета загінула шмат савецкіх салдат. У брацкай магіле, каля вакзала, пахаваны 170 савецкіх воінаў (імёны толькі 81 вядомы), якія загінулі пры вызваленні Парэчча і навакольных вёсак. Каб ушанаваць памяць вызваліцеляў, Парэцкі сельскі савет прыняў рашэнне надаць імёны  маёра Гуляева і капітана Палякова вуліцам Парэчча. Вучні сярэдняй школы на працягу многіх гадоў праводзіла пошукавую работу з мэтай выяўлення родных і блізкіх  воінаў, загінуўшых у баях за вызваленне Парэчча. Яны звязаліся з Галоўным упраўленнем кадраў Міністэрства абароны СССР. Былі адпраўлены дзясяткі пісем. Такім чынам, удалося ўстанавіць адрасы родных загінуўшых. Завязалася перапіска, а затым і першыя сустрэчы. Прыехаў пакланіцца магіле свайго бацькі яго сын Гуляеў Віктар Міхайлавіч. З розных канцоў Савецкага саюза прыехалі браты Цірана Івана Антонавіча, Аляксей, Зіновій і Юрый. З далёкай сібіры на брацкую магілу прыехалі сёстры Піўнова Міхаіла Іпалітавіча, Алеўціна і Марыя.

Памяць аб вайне не згасае. Кожны год, 9 мая, мы зноў і зноў вяртаемся да трагічных старонак гісторыі Парэчча.

 Сацыяльна-эканамічнае развіцце ў пасляваенны перыяд

Чырвоная Армія яшчэ вяла баі ў краінах Еўропы, а на Парэцкай зямлі ўжо пачалася мірная аднаўленчая дзейнасць. Страшную "спадчыну" пакінула вайна. Многія не вярнуліся з вайны, загінулі, прапалі без вестак, былі вывезены. Пашкоджана вялікая колькасць пабудоў, разрабавана маёмасць усіх устаноў і арганізацый.

Асноўную частку ўцалелага насельніцтва складалі жанчыны, падлеткі ды старыя. Людзі разумелі - каб выжыць, хутчэй падняць з руін разбураную вайной гаспадарку, трэба шмат працаваць. І яны працавалі ад цямна да цямна, не дасыпаючы, не даядаючы.