Легатовіч Ігнат Сямёнавіч

(10.08.1796, в. Малая Капліца Гродзенскага р-на – 10.10.1867), беларускі і польскі паэт, педагог. З небагатай шляхецкай сям’і. Скончыў дамініканскую школу ў Гродне, факультэт літаратуры і мастацтва Віленскага універсітэта (1817). У 1817-39 – выкладчык лацінскай мовы і літаратуры ў Мінскай гімназіі. У 1839-46 быў інспектарам павятовых школ у Лепелі, Полацку, Вількаміры. Страціўшы зрок, пакінуў службу і вярнуўся ў Мінск, дзе займаўся рэпетытарствам, збіраннем бібліяграфічных рэдкасцяў. Друкаваўся з 1817. Пісаў пераважна павучальныя двухрадкоўі, эпіграмы. Выдаваў (на польскай мове) маральна-дыдактычныя кнігі для дзяцей і моладзі. Выйшаў яго “Верш з нагоды святкавання імянін я. в. Вінцэнта Гацэвіча з Гячанаў, губернатара Мінскага…” (1822). Выйшлі ў Вільні “Эпіграмы” (1848, 1854), “Ісціны, правілы жыцця, максімы, погляды, прыказкі і разнастайныя думкі…” (1848), “Гасцінец для дзетак, або ісціны і маральныя погляды для спажытку навучэнцаў ў абодвух полаў” (1849), “Дараднік для моладзі, або ісціны і маральныя погляды для спажытку навучэнцаў абодвух полаў” (1851), “Правілы шчырага жыцця, або розныя думкі розных аўтараў, прыстасаваныя для маральнай навукі” (1852), “Права, або маральная навука для дзяцей” (1853), “Апафегматы” (1854), “Думкі” (1857), “Даўняя прыстойнасць нашых продкаў, або нормы прыстойнасці, далікатнасці і выхаванасці” (1858), “Гасцінец для дзетак, або ісціны і маральныя погляды, выдадзенныя дзеля спажытку навучэнцаў абодвух полаў” (1859). Вершы на беларускай мове кніжкай не выйшлі, хаця ў друк траплялі. Перакладаў з рускай і французскай моваў.

Бібліяграфія

  1. Заняпад і адраджэнне : беларуская лiтаратура ХIХ стагоддзя / [укладанне, прадмова і заўвагі У. М. Казберука]. - Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2001. - 605 с.
  2. Каласы з нашай нівы : пераклады Кастуся Цвіркі з польскай мовы. - Мінск : Кнігазбор, 2016. - 390 с.