Краўцоў Макар

(сапр. Касцевіч Макар Мацвеевіч, 18.08.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на - 1939), беларускі пісьменнік (паэт, публіцыст, перакладчык). З заможнай сялянскай сям’і. Скончыў царкоўна-прыходскую школу ў в. Галавачы (Гродзенскі р-н), Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910). Працаваў у школе. З 1915 – у войску, пасля ваеннай вучэльні – на Паўночна-Заходнім фронце. Дэлегат Усебеларускага кангрэса (снежань 1917). Настаўнічаў у Мінску (1917-18). Выкладаў на курсах беларусазнаўства пры Мінскай гарадской думе (1918). Удзельнічаў у рабоце Рады БНР у Мінску і Гродне (1918-19). Удзельнік Слуцкага антысавецкага паўстання (1920), займаўся тут справамі друку. Працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі (1922-23). Жыў у Вільні. Рэдагаваў часопіс “Саха” (1923). З 1927 актыўна ўдзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. Друкаваўся (з 1916) у перыёдыках “Гоман”, “Звон”, “Беларускае жыццё”, “Беларуская ведамасць”, “Беларусь”, “Наша думка”, “Маланка”, “Сялянская ніва”, “Беларуская культура”, “Беларускі дзень”. Арганізоўваў у родных мясцінах беларускія канцэрты, спектаклі. Арыштоўваўся ўладамі Польшчы за нацыянальную дзейнасць. У 30-я адыйшоў ад літаратурнай творчасці. Быў беспрацоўным. Сябра галоўнай управы ТБШ у 1936-37. У кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газеты “Віленская праўда”. Неўзабаве рэпрэсаваны, загінуў у зняволенні. Выдаў у Вільне працу пра гісторыю БНР “Рада Беларускай народнай Рэспублікі” (1921), свае пераклады на беларускую мову кніг: “Алеся” А. Купрына (1923), “Мцыры” М. Лермантава (1924), “Расказы аб вялікіх падзеях розных часоў і народаў” М. Рубакіна (1924), “Дэман” М. Лермантава (1926), “Бартэк-пераможнік” Г. Сянкевіча (1926), “Сляпы музыка” У. Караленкі (1928), “Прынц і жабрак” М. Твэна (1928), “Для дзяцей” Л. Талстога (1928), “Тарас бульба” М. Гогаля (1929).

Бібліяграфія

  1. Арлоў, У. А. Паўстанцы [Гуказапіс] : гістарычныя эсэ / Уладзімір Арлоў ; тэкст чытае У.Арлоў. - Мн., 2008.
  2. Арлоў, У.Арлоў, У. Макар Краўцоў : [(1891, в.Баброўня Гродзен. р-на - 1939, Беласток)] / Уладзімір Арлоў ; фота // Імёны свабоды. - . - C.166-167.
  3. Бацькаўшчына : зборнiк гiстарычнай лiтаратуры / Гартны,Ц ; уклад. С.С.Панiзнiк ; маст. У.М.Якунiн. - Мн. : Юнацтва, 1996. - 248с.
  4. Касцевiч, М. Нам засталася спадчына : Да 110-годдзя паэта М.М.Краўцова [(сапр. Касцевiч / Фота // Пагоня (Гродна). - 2000.. - 22 чэрв.. - С. 4.
  5. Токць, С. Баброўня - вёска паэтаў : да пытання аб генеалогіі сялянскага роду Касцевічаў / Сяргей Токць ; фота // Беларускі гістарычны часопіс. - 2013. — № 1. — С. 15 — 21.
  6. Токць, С. М. Баброўня — вёска паэтаў: да пытання аб генеалогіі сялянскага роду Касцевічаў / Сяргей Токць // Беларускі гістарычны часопіс. - 2013. — № 1. — С. 15—21.
  7. Цыхун, А. П. Пройдзеныя шляхi-пуцявiны : (Зап., успамiны, аўтабiягр.) / Апанас Цыхун ; Уступ. арт. А.Вашкевiч. - Горадня, 2003