Вызваленне Скідзеля


9 ліпеня 1944 г. камандуючы 2-м Беларускім фронтам генерал-палкоўнік Г.Ф.Захараў выдаў загад 50-й арміі, згодна з якім яна павінна была сіламі сваіх чатырох карпусоў выйсці да 12 ліпеня на рубеж Гродна Індура і авалодаць горадам Гродна. Армія знаходзілася ў гэты момант у раёне Шчорсы Карэлічы. Для выканання азначанага загаду 50-й арміі Болдзіна трэба было пераадолець за двое сутак каля 140 км, узяць з боем мноства населеных пунктаў, што было вельмі цяжкай задачай. Камандуючы фронтам, несумненна, пераацаніў магчымасці 50-й арміі і адначасна недаацаніў сілу і жорсткасць нямецкага супраціву. Як сцвердзіў у сваёй манаграфіі Я.П.Елісееў: "...такі тэмп руху войскаў, устаноўлены камандуючым фронтам (да 60 км у суткі з пераадольваннем водных перашкод, ва ўмовах нарошчвання сіл і ўзмацнення супраціўлення праціўніка), для пяхоты быў завышаны і, як паказаў далейшы ход падзей, войскі... не здолелі выканаць пастаўленыя задачы ў намечаныя тэрміны".

Для таго, каб не даць праціўніку магчымасці адарвацца ад савецкіх войскаў і стварыць трывалую лінію абароны, наперадзе войск фронту камандаванне вырашыла выкарыстоўваць мабільныя сілы. Гэтыя сілы павінны былі складацца з бранятанкавых сродкаў, узмоцненых пяхотай на аўтамабілях і артылерыяй. Такія атрады ствараліся пры кожнай арміі фронту. Выкарыстоўваючы сваю хуткасць, мабільныя армейскія атрады імкліва пераследавалі адступаючых немцаў і не давалі ім магчымасці правесці поўную эвакуацыю і адступіць на падрыхтаваную для абароны пазіцыю. Наперадзе 50-й арміі наступаў армейскі рухомы атрад пад камандаваннем намесніка камандуючага арміяй генерал-лейтэнанта А.А.Цюрына. У яго склад уваходзілі: 23-я асобная танкавая брыгада (4 Т-34), 1444-ы самаходны артылерыйскі полк (4 СУ76), 1434-ы самаходны артылерыйскі полк (7 СУ-85), два палкі 5-й знішчальна супрацьтанкавай артылерыйскай брыгады, дзве роты аўтаматчыкаў 238-й стралковай дывізіі, 4-ы батальён 1-й штурмавой інжынерна-сапёрнай брыгады.

Мэтай гэтага атрада было пераследаванне нямецкіх войскаў, адступаючых перад фронтам 50-й арміі. 11 ліпеня войскі 50-й арміі фарсіравалі раку Нёман у раёне вёскі Беліца. Рухомы армейскі атрад пачаў наступаць у кірунку Шчучын-Скідзель. На працягу 12 ліпеня былі ўзяты мястэчкі Шчучын, Ражанка, Жалудок. Рухомы атрад атрымаў загад наступаць на мястэчка Скідзель, узяць яго і працягваць наступленне ў кірунку Гродна.

12 ліпеня атрад быў узмоцнены 398-м дывізіёнам 100-га мінамётнага палка. На ўзбраенні дывізіёна знаходзіліся рэактыўныя ўстаноўкі БМ-ІЗН, якія атрымалі вядомую назву "кацюшы", зманціраваныя на базе амерыканскіх трохвосных грузавікоў "студэбеккер". Дывізіён складаўся з трох батарэй, па 4 пускавыя ўстаноўкі ў кожнай.

Адступаючыя перад фронтам 50-й арміі нямецкія сілы складаліся з рэштак 4-й нямецкай арміі. Камандаваў арміяй генерал К. фон Ціпельскірх. Па дадзеным польскага гісторыка Т.Савіцкага, пад час правядзення аперацыі "Баграціён" 4-я армія страціла (былі знішчаны ці разбіты) два штаба корпуса і 11 дывізій. Найбольш баяздольнымі сіламі, якія супрацьстаялі рухомаму атрад генерала Цюрына, была 50-я пяхотная дывізія, перакінутая на ўсходні фронт з Германіі на пачатку ліпеня 1944 г. Камандаваў дывізіяй генерал-маёр Ф.Хохн. Акрамя гэтых сіл супраць войск І.У.Болдзіна дзейнічалі рэшткі 14-й матарызаванай пяхотнай дывізіі пад камандаваннем генерала Г.Флёрке. Гэта была адна з нешматлікіх дывізій, якая пазбегла поўнага разгрому на ўсходзе Беларусі і здолела арганізавана адступіць на захад. Магчыма, гэта адбылося з-за таго, што дывізія ўваходзіла ў рэзерв групы армій "Цэнтр". Гэтыя дзве дывізіі ўваходзілі ў корпусную групу Вэйдлінга .3 накірунка Ліды на захад адступалі таксама паліцэйскія сілы групы К. фон Готберга, які займаў пасаду забітага ў Мінску падпольшчыкамі гаўляйтэра Вільгельма Кубэ.

У авангардзе армейскага мабільнага атрада Цюрына рухаліся дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі СУ-85, некалькі батарэй 58-га знішчальнага супрацьтанкавага палка і аўтаматчыкі 238-й дывізіі. Камандзір рухомага атрада атрымаў інфармацыю, згодна з якой па шашы Ліда-Гродна адступала вялікае нямецкае злучэнне. Як пазней высветлілася, гэта была 50-я нямецкая пяхотная дывізія. Было вырашана не даць сілам праціўніка адступіць у гродзенскім накірунку і перапыніць іх каля мястэчка Скідзель. Для гэтага рухомаму атраду патрэбна было перакрыць шашу Ліда-Гродна. Такім чынам, немцы апынуліся б у цісках паміж атрадам Цюрына з захаду і астатнімі часткамі 50-й арміі з усходу. Для выканання задуманай аперацыі армейскі рухомы атрад пачаў наступаць ад Шчучына ў накірунку на Зарэчча-Каменка-Прудцы па паралельнай да шашы дарозе, каб апярэдзіць немцаў і перарэзаць шашу.

Немцы рыхтавалі абарону Скідзеля і ракі Котра сіламі 14-й матарызаванай пяхотнай дывізіі. Паводле інфармацыі нямецкага гісторыка Р.Хінцэ, падраздзяленні 14-й дывізіі 12 ліпеня занялі наступныя пазіцыі: 5-я і 6-я роты 1069га грэнадзёрскага палка занялі абарону на заходнім беразе ракі Котра, на поўдзень ад шашы Ліда-Гродна [Ніпге К. Цаз Озіігопі-Огата 1944. С. 171]. 7-я рота таго ж палка на грузавіках была перакінута да пераправы праз раку Нёман каля вёскі Коматава. Гэта пераправа мела вырашальнае значэнне для адступаючых на захад войскаў 4-й нямецкай арміі, так як давала магчымасць хутка перакінуць свае сілы на паўднёвы бераг Нёмана. Гэтыя сілы праціўніка былі ўзмоцнены кулямётамі, мінамётамі і двума артылерыйскімі батарэямі. На поўнач ад Скідзеля абарону займалі паліцэйскія палкі групы Готберга.

Першае сутыкненне рухомай групы Цюрына з нямецкай абаронай адбылося ў раёне вёскі Пратасаўшчына ў 18 км ад Скідзеля. Смелай атакай з ходу праціўнік быў збіты са сваіх пазіцый і адступіў. Пераследуючы ворага рухомы атрад уварваўся ў вёску Ахрымаўцы. Аднак тут немцы перайшлі ў контратаку. Нечакана ім удалося знішчыць дзве машыны, якія рухаліся наперадзе атрада. Савецкія войскі вымушаны былі займаць абарону і адбіваць атаку. Толькі пасля залпаў рэактыўных мінамётаў БМ-ІЗН, якія накрылі пяхоту праціўніка, немцы адступілі.

Вечарам 12 ліпеня перадавы рухомы атрад Цюрына сутыкнуўся з арганізаваным супраціўленнем немцаў у раёне вёскі Пясчанка ў 4 км на ўсход ад Скідзеля. Супрацьтанкавая артылерыя немцаў падбіла адну з двух самаходных установак (СУ-85), якія былі ў атрадзе Цюрына. Каля 22 гадзін вечара рухомы атрад заняў абарону на шашы Ліда-Гродна ў раёне вёсак Сікорыца, Прыступічы.

У той жа час на шашу выйшлі падраздзяленні 50-й нямецкай пяхотнай дывізіі (121-ы і 122-і грэнадзёрскія палкі). Гэта адбылося даволі нечакана для камандавання рухомага атрада. Немцы з'явіліся з лесу, які рос непадалёку ад шашы. У выніку рухомы атрад быў сціснуты праціўнікам з двух бакоў і заняў кругавую абарону. Гарматы былі развернуты на прамую наводку. Вось што ўспамінаў М.С.Навасёлаў, які служыў у той час у 398-м мінамётным дывізіёне: "...немцы нечакана апынуліся ў тыле нашага дывізіёна і з ходу адкрылі кулямётны і аўтаматны агонь. За лічаныя хвіліны мы згубілі каля двух дзясяткаў салдат і камандзіраў. Быў паранены камандзір дывізіёна маёр Васільеў, але з бою не выйшаў. Разам з намі адбіваліся ад ворага салдаты і афіцэры падраздзяленняў ствольнай артылерыі і яшчэ нейкіх частак. Мы былі перашкодай на шляху адступаючых на захад немцаў. Узнікла парадаксальнае становішча: зараз адступаючыя немцы азвярэла наступалі на нас, а мы, наступаючыя, адступалі, падаваліся назад на захад. У нас не хапіла сіл стрымліваць іх, і мы вымушаны былі адвесці баявыя машыны ў бок ад шашы. Тым больш, што выкарыстоўваць іх у сумяціцы, калі ўсё перамяшалася, было немагчыма. Ішла рукапашная схватка, некалькі баявых машын, з'ехаўшы з шашы, завязлі ў балоце. I каб яны не трапілі ў рукі да немцаў, іх спалілі і ўзарвалі. У гэтым баю я застаўся жывы, але згубіў добрага і вернага сябра Эпрыкяна, армяніна па нацыянальнасці. Ён здзейсніў гераічны ўчынак: засланіў сабою камандзіра ўзвода сувязі, лейтэнанта Аверкіна, застрэліў немца, які падскочыў з пісталетам амаль да камандзіра ўзвода, але іншы немец смяротна параніў Эпрыкяна".

Баі з падраздзяленнямі нямецкай 50-й дывізіі працягваліся ўсю ноч. 58-ы знішчальны супрацьтанкавы артылерыйскі полк панёс найбольш адчувальныя страты і вытрымаў асноўны цяжар баёў. Паводле данясенняў у 5-ю знішчальную супрацьтанкавую брыгаду бой працягваўся на працягу 10 гадзін і неаднаразова пераходзіў у рукапашны. Пад час гэтага бою 58-ы полк згубіў забітымі 8 афіцэраў і 66 сяржантаў і радавых. Акрамя таго былі знішчаны 5 установак БМ-13, 3 самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі і 5 аўтамабіляў з боепрыпасамі. М.С.Навасёлаў успамінаў, што 398-ы Гвардзейскі дывізіён страціў 90 % сваёй тэхнікі.

Раніцай 13 ліпеня немцы ізноў распачалі атакі на пазіцыі рухомага атрада. Паводле інфармацыі Я.П.Елісеева, праціўнік распачаў атаку каля 6 гадзін раніцы. Нямецкія грэнадзёры рухаліся ў поўны рост, не хаваючыся ад агню савецкай артылерыі. Геройскі дзейнічаў экіпаж адзінай самаходнай устаноўкі, якая яшчэ заставалася ў рухомым атрадзе. Калі ў СУ-85 скончыліся боепрыпасы, 14 ліпеня 238-я стралковая дывізія, 23-я асобная танкавая брыгада і 233-ці асобны танкавы полк пачалі баі за фарсіраванне ракі Котра ў раёне вёскі Котра. Артылерыйскую падтрымку аказвалі самаходныя ўстаноўкі з 1444-га і 1434-га самаходных артылерыйскіх палкоў, а таксама гарматы 16-га гаўбічнага палка. Баі былі даволі жорсткія. Сілы 14-й матарызаванай пяхотнай дывізіі праціўніка, якія занялі абарону па рацэ Котра, аказвалі ўпартае супраціўленне. Нягледзячы на выкарыстанне значных бранятанкавых сілаў, часткам 50-й арміі не ўдалося сходу фарсіраваць Котру. Да вечара 14 ліпеня праз раку пераправіўся толькі адзін полк 238-й дывізіі. Два астатнія палкі дывізіі знаходзіліся на ўсходнім беразе ракі ў раёне вёскі Некрашы.

Пры пераправе праз Котру значную дапамогу аказвалі салдаты і афіцэры 3-га асобнага штурмавога інжынерна-сапёрнага батальёна. Яны падрыхтоўвалі сродкі пераправы, займаліся рамонтам мастоў праз Котру. Галоўную ўвагу надавалі рамонту чыгуначнага моста, які немцы ўзарвалі пры адступленні. Актыўную дапамогу сапёрам аказвалі і жыхары Скідзеля.

На поўнач ад Скідзеля немцы занялі абарону па рэчцы Пыра. Да гэтага часу ў раён мястэчка пачалі падыходзіць і астатнія сілы 50-й савецкай арміі. На поўнач ад яго ў раён вёсак Юрэвічы, Лакно выйшлі 42-я і 153-я дывізіі 69-га стралковага корпуса. У раён вёскі Пузавічы выйшлі падраздзяленні 718га палка 139-й Чырвоназнамённай Раслаўльскай стралковай дывізіі 121-га стралковага корпуса. Такім чынам, на працягу 12-14 ліпеня Скідзельшчына была вызвалена ад нямецкай акупацыі. Выключную ролю ў вызваленні Скідзеля адыгралі байцы 238-ай Карачаўскай стралковай дывізіі.  Камандзір дывізіі: генерал-маёр І.Д. Краснаштанаў.

 

Перайсці на старонку "Іх імёнамі названы вуліцы Скідзеля".